На вуліцах Горадні загралі вальсы на басэтлі – слухае нават дырэктар мясцовага ТБ (фота і відэа)


Вулічныя музыкі – не дзіва для гарадзенскіх вуліцаў. Але аркестрык з басэтляй, бадай, адзіны, што пачаў збіраць групы людзей вакол сябе ды долары ў футляр ад гітары.

Юрый з балалайкай-басэтляй, Віктар з электрагітарай ды Ігар з акардэнам – мужчыны пачалі збірацца гэткім трыа сёлета. Граюць у вечаровы час у цэнтры гораду каля галоўнага ЗАГСу. Гукі папулярных джазавых мелодый ды класікі чутно ўжо здалёк. І ці не ўпершыню ў Горадні людзі пачалі спыняцца, каб паслухаць музыку на вуліцы ды адпачыць пасля працоўнага дня.

{movie}На вуліцах Горадні загралі вальсы на басэтлі |right|16958{/movie}

«Людзі спыняюцца паслухаць, бо адчуваюць, што мы граем для іх ад душы, а не дзеля заробку», – мяркуе акардэаніст Ігар.

Пешая вуліца Савецкая – месца, дзе найчасцей граюць розныя вулічныя музыкі. Звычайна гэта хлопцы і дзяўчаты з гітарамі, часам старэйшыя мужчыны са скрыпкамі. Абавязкова ў іх кампаніі ёсць той, хто не грае, а ходзіць з шапкаю, чапляючыся да мінакоў і літаральна выпрошваючы грошы. Аднак, грошы ў іхнай шапцы не надта буйныя.

Фота belsat.euФота belsat.eu«Трыа мастадонтаў», як самі сябе называюць Юрый, Віктар ды Ігар, нічога не просіць, але ў іхны футляру ўвесь час лятуць банкноты – пяць, дзесяць тысяч рублёў, … адзін долар. Музыкаў спыняюцца паслухаць нават вядомыя ў горадзе людзі – дырэктар гарадзенскай тэлерадыёкампаніі, арганізатар шматлікіх вулічных імпрэзаў ды іншыя.

Гітарыст Віктар Грышук запэўнівае, што трыа выходзіць на вуліцу не дзеля грошаў, а каб пацешыць людзей ды пайграць для сваёй асалоды.

«Асноўны наш матыў – гэта свабода. Мне не трэба ў нікога прасіць дазволу граць. Я ўжо прайшоў і вялікія, і малыя сцэны. Але я ўжо ў тым узросце, калі мне важней свабода. Не кожны музыка выйдзе на вуліцу, але ж праз гэта прайшлі Брамс, Штраус, Сантана. Мне прыемна граць на вуліцы. І я не прашу, каб людзі мне плацілі за тое, што я граю», – заўважыў Віктар.

Раней Юрый, Віктар ды Ігар гралі ў музычных гуртах. Адным з іх быў «Тэатр» пры Гарадзенскім драмтэатры. Гурт «Рэнесанс» дзеяў ў 1980-90-ых гадах. Пасля былі гастролі па Венгрыі, Нямеччыне, Польшчы, Бразіліі. І нарэшце музыкі вырашылі згуртавацца на вуліцы. Адначасова гэта для іх рэпетыцыя, падчас якой музыкі прызвычайваюцца адзін да аднаго, наладжваюцца, каб добра гучаць разам, і, мажліва, пазней зладзіць гастролі.

Музыкі падкрэслілі, што міліцыянты іх не чапаюць. Наадварот, вітаюць іхную ініцыятыву, тым больш, што гучанне прафесійнае.

«Мінакі падыходзяць ды замаўляюць: «А зайграйце «Мурку» ці вальс «На сопках Маньчжурыі», і мы граем, бо мы прафесіяналы», – сцвярджае Віктар.

Мужчыны адмовіліся казаць, колькі яны зарабляюць за вечар выступу. Аднак Віктар прызнаўся, што працуе ў гімназіі выкладчыкам класа гітары, і заробак там невысокі. Юрый жа пераконвае, што грошы – не мэта, а вынік іхняе ігры.

Ёсць і яшчэ адзін матыў іхніх выступаў. Ігар нядаўна атрымаў цяжкую траўму і стаўся інвалідам. Сябры ж вырашылі яго выцягнуць да актыўнага жыцця, каб пачаў граць ды не засумаваў, седзячы ў хаце.

Падчас нашае размовы музыка на вуліца сціхла, але адна дзяўчына ўсё ж падышла і паклала грошы ў футляр музыкаў. «Бачыце, мы можам нават не працаваць», – пажартаваў Віктар, беручыся за гітару.

«П’яццоллу», – паўшэптам папрасіла я, і па Савецкае вуліцы разлілася мелодыя знакамітага лібер-танга.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў