Беларусы едуць на вайну


На трэніровачнай базе пад Кіевам навабранцы добраахвотніцкага батальёну “Данбас” сфармавалі новыя баявыя падраздзяленні. Кіраўніцтва батальёну звярнулася да камандавання Нацыянальнай гвардыі ды міністра ўнутраных справаў з просьбаю датэрмінова адправіць падмацаванне ў Данецкую вобласць. А ў сувязі з тым, што ў рэзерве ёсць больш за 1500 добраахвотнікаў, камандзір “Данбасу” папрасіў сфармаваць новы батальён – “Данбас-2”.

Сярод байцоў “Данбасу” “Аб’ектыў” адшукаў беларуса. Баец на мянушку Зубр хавае свой твар, імя ды іншую інфармацыю, што могуць скарыстаць супраць яго або ягоных блізкіх. Голас таксама папрасіў змяніць.

{movie}Беларусы едуць на вайну (12.06.14) |right|16954{/movie}

ЗУБР, БЕЛАРУСКІ БАЕЦ БАТАЛЬЁНУ:
“Тое, што я тут дапамагаю цэльнасць Украіны захоўваць і ўкраінскаму народу ў цэлым, – нейкая карысць будзе і нашаму народу”.

Такіх добраахвотнікаў з Беларусі ды Расеі ў батальёне каля 60. Але адразу ўступіць у адно з самых вядомых падраздзяленняў Нацгвардыі немагчыма. Патрэбнае ўкраінскае грамадзянства або від на жыхарства.

СЯМЁН СЯМЕНЧАНКА, КАМАНДЗІР БАТАЛЬЁНУ «ДАНБАС»:
“Беларусы і грамадзяне Расеі з відам на жыхарства афармляюцца ў нас у якасці службоўцаў”.

Батальён ваюе не за грошы – заробку тут проста няма. Ваююць за светлую ідэю: свабодная Украіна як дом для ўсіх свабодных грамадзянаў, незалежна ад нацыянальнасці. Байцы-неўкраінцы кажуць, што адчуваюць сябе сярод сваіх.

СЯМЁН СЯМЕНЧАНКА, КАМАНДЗІР БАТАЛЬЁНУ «ДАНБАС»:
“Мы сапраўды братэрскія народы, і ў гадзіну цяжкіх выпрабаванняў шмат хто з іх хоча быць са сваімі братамі”.

Украінцы сталі казаць аб сапраўдным братэрстве з беларусамі яшчэ падчас Майдану, куды паехалі нашыя суайчыннікі. І пасля смерці Міхаіла Жызнеўскага, аднаго з першых забітых спецназам майданаўцаў. А для шмат якіх беларусаў Майдан стаў той кропкаю, дзе здзейснілася мара аб свабодзе, забітай дубінкамі на нашых Плошчах.

ЗУБР, БЕЛАРУСКІ БАЕЦ БАТАЛЬЁНУ:
“Вось чаго нам бракавала: камусьці цяжка, кагосьці б’юць – украінцы адразу ідуць туды, дзе б’юць, і ратуюць свайго. У нас гэтага дакладна не было”.

Цяпер жа на базе пад Кіевам байцы батальёну Нацгвардыі вучацца біць тэрарыстаў.

«ЗУБР», БЕЛАРУСКІ БАЕЦ БАТАЛЬЁНУ:
“Я зрабіў свой выбар. Хутчэй за ўсё, на радзіме буду лічыцца злачынцам, але мы зробім нейкія юрыдычныя формы для таго, каб гэта не было злачынствам”.

Але ёсць і беларусы, што выбралі бок сепаратыстаў. Наталлю – дзяўчыну ў форме з чырвона-зялёным сцягам, знайшлі пад Славянскам працаўнікі “Камсамольскай праўды”.

НАТАЛЛЯ КРАСОЎСКАЯ, БЕЛАРУСКА, ВАЮЕ ЗА СЕПАРАТЫСТАЎ:
“Да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Менскай вобласці, горад Барысаў. На вуліцы Трусава”.

У некаторых беларусаў нават ёсць медалі “За Крым”.

АНАТОЛЬ МАЎЧАНАЎ, БЕЛАРУС, ВАЮЕ ЗА СЕПАРАТЫСТАЎ:
“Я за адзіную Украіну – ад Львова да Львова. Астатняе аддамо палякам. Ну і Чарнігаўскую вобласць, вядома, трэба да Гомельскай далучыць, у мяне там нявеста”.

Так і выходзіць: вайна нібыта чужая, а ваююць усе свае.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў