Кроў і бізнес


206 тонаў крыві ды 100 тонаў плазмы. Столькі сабралі летась у Беларусі крыві, паводле звестак, агучаных на прэсавай канферэнцыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансфузіялогіі ды медычных біятэхналогіяў. Цяпер новая мэта – паступова адмовіцца ад аплаты донарам.

{movie}Кроў і бізнес|right|16935{/movie}

ГЕНАДЗЬ ХУЛУП, РНПЦ ТРАНСФУЗІЯЛОГІІ:
“На сённяшні дзень вельмі важна, каб у нас развівалася бясплатнае донарства, і ў нашай рэспубліцы гэта вельмі актыўна развіваецца”.

Пакуль што, нярэдка, прымусам. Актывісты донарскага руху распавядаюць, што па добраахвотна-прымусовыя ахвяраванні групы камплектацыі донарамі пры станцыях пералівання крыві выязджаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы і на заводы, выстаўляюць разнарадку па донарстве і дзяржаўным службоўцам.

УЛАДЗІМІР НЯПОМНЯШЧЫ, МАЁР МІЛІЦЫІ Ў АДСТАЎЦЫ:
“Усіх служачых звычайна. Вайскоўцаў, міліцыю, пажарнікі, цяпер МНС. Ну, магчыма, і працаўнікоў КДБ”.

Куды ж ідзе столькі крыві?

ГЕНАДЗЬ ХУЛУП, РНПЦ ТРАНСФУЗІЯЛОГІІ:
“Патрэба ў крыві, кампанентах крыві павялічылася з-за таго, што развіваюцца актыўна высокатэхналагічныя аперацыі”.

Дарэчы, як прызнаваў нядаўна кіраўнік Беларусі, гэтымі аперацыямі апошнім часам усё часцей карыстаюцца і замежнікі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Ужо паслугаў аказалі на 3 мільёны долараў. Выратавалі колькі расяянаў. Асабліва з Расеі колькі прыязджаюць”.

Прычым, папулярнасць беларускай хірургіі, відавочна, тлумачыцца не толькі якасцю ці таннасцю паслугаў, але і наяўнасцю вялікай колькасці органаў для трансплантацыі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Кіраўніка ўчорашняга Масаду не ўзяліся нідзе апераваць. Патрэбная перасадка печані. Жывы ён? Дзесяць дзён прайшло. Толькі ў Беларусі яго ўзяліся апераваць. Амерыка адмовілася. Нямеччына адмовілася, Швецыя адмовілася”.

Між тым у Беларусі перасадкі печані штогод чакаюць дзясяткі грамадзянаў. Праўда, шмат хто ўсё ж дачэкваецца. З 2007 года ў Беларусі органы для перасадкі выдаляюцца ва ўсіх памерлых, у выпадку, калі толькі родныя не выкажуць супраць гэтага афіцыйна задакументаванага пратэсту. Гэта дазволіла павялічыць колькасць трансплантацыяў у Беларусі, але і ўзняло шэраг пытанняў адносна таго, чым кіруюцца дактары ў Беларусі, робячы выбар пры клінічнай смерці – ратаваць пацыента ці ягоныя органы? Тым больш, што гэта – дарагі тавар са стабільным попытам за мяжою. Праўда, афіцыйныя асобы датычнасць да такога бізнесу адмаўляюць.

ТАЦЯНА КЛЯСТОВА, ЦЭНТР ТРАНСФУЗІЯЛОГІІ:
“За мяжу мы кампанентаў і крыві не прадаем. Ёсць некаторыя лекавыя сродкі, якіх мы не выпускаем, напрыклад, унутрывенны гамаглабулін, неабходны пры 8-м і 9-м згортванні крыві, які Беларусь набывае”.

Але Нацыянальны статыстычны камітэт паказвае сёлета двухразовы рост экспарту ў катэгорыі “кроў і яе кампаненты”, а экспарт у катэгорыі “органы і іх экстракты” павялічыўся больш як у чатырыста разоў. Праўда, як нам патлумачылі эксперты, гаворка ідзе пра спецыфічныя падкатэгорыі – вакцыны і гепарын, які вырабляецца з чалавечай печані для развадкавання крыві. Але нават чыноўнікі прызнаюць, што магчымасці перапрацоўкі органаў і крыві ў лекі ў Беларусі пакуль абмежаваныя, а пракантраляваць гэтыя працэсы незалежным крыніцам не дазваляе адсутнасць памежнага кантролю на расейскай мяжы ды поўная закрытасць гэтай індустрыі ад грамадскасці.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў