Роў матораў, скрыгат металу і... гітарныя рыфы. Бабруйск прымае «Схватку»


Лета ў Бабруйску распачалося па-сапраўднаму горача – стартаваў доўгачаканы трохдзённы мотафэст «Бабруйскі кацёл. Схватка 2014»!

Найбуйнейшы фэст на Магілёўшчыне заняў, як кажуць, месца пад сонцам – пляцоўку ля “Бабруйск-арэны”. Фестывальная зона ўмясціла ў сябе сцэну, намётавы гарадок, парк забаваў ды зону для экстрэмальнага спорту. А таму оўпэн-эйр дазваляе адчуць свята знутры.

{movie} Бабруйск прымае «Схватку»|right|16877{/movie}

ЮЛЯ, ВІЦЕБСК:

“Добрая, файная атмасфера. Калі прыязджаеш і ведаеш шмат людзей з розных гарадоў, з якімі стасуешся праз інтэрнэт, гурты, якія слухаеш. Нават у гэтым намётавым гарадку – палова рок-гуртоў, да іх можна прыйсці паразмаўляць”.

Сёлета арганізатары міжнароднае сустрэчы байкераў зрабілі стаўку на музыку. Сярод гэдлайнераў канцэртавай праграмы – сапраўдныя легенды расейскага року: гурты “Арыя” і “Паўночны флот”. Гаспадароў рэпрэзентавалі “Крама”, “ТТ-34”, “Дай дарогу!” і “3t.ON”.

АНДРЭЙ, «НАЧНЫЯ ВАЎКІ», БЕЛАРУСЬ:

“Мерапрыемства расце як у маштабе, гэтак і ў якасці. Мы толькі цешымся і будзем радыя, калі гэта пабачаць яшчэ больш бабруйчанаў”.



Апроч року, арганізатары падтрымлівалі драйвовы запал …экстрэмальнымі выпрабаваннямі: сілавы экстрым, армрэслінг, лазернае шоу, BMX, скейтборд і пейнтбол.

АЛЕГ, ВІЦЕБСК:

“Тэматыка тая самая – здаровы лад жыцця і Вялікая Айчынная вайна. Вось летась маскоўскія ваўкі зладзілі на 70-годдзе вызвалення Сталінграду – таксама файна было”.

Але ж, безумоўна, уладальнікі “жалезных коней” наматалі сотні кіламетраў яшчэ і таму, каб на іншых паглядзець ды сябе паказаць. Нагодаў жа не бракавала: конкурс на найлепшы самаробны матацыкл, самы гучны “выхлап”, самы “вар’яцкі” матацыкл і, вядома ж, сам легендарны… мотапрабег.

Вольга Саўле, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў