Лукашэнку запыталі ў Кіеве, ці наведае ён Майдан


Афіцыйны Кіеў павінен наладзіць добрыя адносіны з Масквою, заявіў кіраўнік Беларусі пасля цырымоніі інаўгурацыі новага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.
Лідар Беларусі таксама адзначыў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і асцярожна пракаментаваў праблему Крымскай анексіі: „Што тычыцца адзінства Украіны – яна мусіць быць адзінай і цэласнай дзяржавай. А Крым – едзьце туды і дамаўляйцеся, каб ён быў украінскім. І не губляйце яго”.
{movie}Лукашэнка ў Кіеве: Крым не губляйце і Януковіча забярыце|right|16867{/movie}
Адказваючы на ​​пытанне, ці прасіў у яго прытулку экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, Лукашэнка адказаў: «Ён мяне не прасіў. У Беларусі ёсць вёска, дзе нарадзіліся яго бацькі, і калі ён захоча туды прыехаць, ніхто не можа яму забараніць. Але я вам раю – забярыце свайго прэзідэнта ва Украіну, які б ён не быў. Пераступіце праз усё і свайго прэзідэнта забярыце. Няхай ён будзе ў вас».

Лукашэнка нават паабяцаў паспрыяць вяртанню Януковіча. „Калі ад мяне будзе залежаць, я дапамагу”, – адзначыў кіраўнік Беларусі.

На пытанне, што рабіць з «тэрарыстамі на Усходзе» Украіны, Лукашэнка адказаў, што тых, тэрарыстаў, якія знішчаюць, трэба знішчаць, падало агенцтва БелаПАН, спаслаўшыся на vesti.ua. «Але спачатку разбярыцеся, хто тэрарыст. А то пазабіваеце сваіх», — сказаў кіраўнік Беларусі.

На пытанне, ці гатовы ён сам стаць міратворцам, Лукашэнка адзначыў: «Не, я ненавіджу міратворцаў і іх перамоўнікаў. Нагадаю, што вы размаўляеце цяпер з галоўным дыктатарам Еўропы», — сказаў кіраўнік Беларусі.

У лідара беларускай дзяржавы таксама пацікавіліся, ці наведае ён Майдан, на што Лукашэнка адказаў, што яго туды не запрашалі і ісці туды ён не планаваў. «А да майго наступнага прыезду вы самі не вытрымаеце і прыбераце яго», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. «Калі там будзе ўстаноўлены помнік загінулым, і мяне запросяць на яго адкрыццё, я абавязкова прыму запрашэнне», — дадаў ён.

Таксама Лукашэнка адзначыў, што на мяжы Беларусі і Украіны няма ніякіх войскаў, і размяшчацца яны не будуць. «Нам з украінцамі дзяліць няма чаго. Мы браты», — скончыў сваю сустрэчу кіраўнік беларускай дзяржавы.

МЯ, belsat.eu, 5.ua
Стужка навінаў