Жыхары Магілёва: Даўно пара развітацца з саўковым мінулым


Адышла ў нябыт савецкая эпоха, аднак сваіх помнікаў і назваў яна з сабою не забрала. Ці патрэбныя яны беларусам? Перайменаваць галоўную плошчу Магілёва – Савецкую – прапанавалі гарадскія ўлады. Не першы год гэтага дамагаюцца і мясцовыя актывісты ды гісторыкі.

{movie} Далоў савецкае!|right|16860{/movie}

АЛЕСЬ АГЕЕЎ, ДАЦЭНТ МАГІЛЁЎСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНІВЕРСІТЭТУ:

“Жыццё памянялася. І нам у незалежнай Беларусі, вядома, мець дзве асноўныя плошчы ў горадзе – плошча Леніна і плошча Савецкая – гэта ненатуральна, нават абуральна для кагосьці. Калі плошча Леніна будавалася ў савецкі час – яна такая ленінская па стылі, па архітэктуры савецкая. Тут неяк няма спрэчак. То Савецкую трэба мяняць”.

Падтрымлівае гэтую ідэю і пераважная большасць апытаных намі жыхароў гораду.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

“Даўно пара развітацца з нейкім саўковым мінулым і захоўваць яго недзе ў музеі. Нашыя вуліцы вартыя прыгожых гістарычных назваў. І ў старым Магілёве яны былі. Чаму б да іх не вярнуцца? Я не разумею, чаму дагэтуль гэта не зроблена?”

“Хай застаюцца ранейшыя. Бо ўсе ўжо прызвычаіліся – ведаюць, куды ісці, дзе якая вуліца, трэба будзе шмат часу, каб прызвычаіцца да новых назваў”.

“Гэта цудоўная ідэя, бо ўсе назвы, якія прыйшлі ў савецкі час, яны былі навязаныя штучна і не ёсць той гістарычнай памяццю, якая была першапачаткова”.

Гістарычная ж памяць захавала багата назоваў самай старажытнай у горадзе плошчы.

АЛЕСЬ АГЕЕЎ, ДАЦЭНТ МАГІЛЁЎСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНІВЕРСІТЭТУ:

“Яна называлася паслядоўна: Гандлёвая, Губернатарская, Думская, Свабоды, Савецкая”.

У савецкі ж даваенны час яна яшчэ насіла назоў плошча Славы і Свабоды. Вярнуць гэтую назву (праўда, без Свабоды) цяпер і прапаноўвае старшыня гарвыканкаму Уладзімір Цумараў.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

“Калі Савецкую памяняць на плошчу Славы, то мне ўсё роўна”.

“Мне здаецца, што гэта гучыць неяк дзіўна: плошча Славы, але славы каго?”

“Падышоў бы назоў, як вы казалі, Ратушная плошча. Бо тут месціцца гэты будынак”.



Шмат хто з магілёўцаў ужо цяпер так называе плошчу, дзе ўзвышаецца ратуша, – сімвал гораду. Ухваліла такі назоў і магілёўская інтэлігенцыя. У мінулым месяцы знаўцы гісторыі, выбітныя дзеячы культуры падпісалі так званы Тапанімічны маніфест, дзе заклікалі ўсіх жыхароў падтрымаць ганаровую справу вяртання гарадскім мясцінам беларускіх назоваў. Маніфест разаслалі ў музеі, выданні ды адміністрацыю гораду.

ВОЛЬГА ЧАРНЯЎСКАЯ, НАВУКОВАЯ СУПРАЦОЎНІЦА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЮ:

“Мы прымаем рашэнні, даем рэкамендацыі гарадскім уладам, а ўсё астатняе залежыць ад выканаўчай улады”.



Да таго, што жыхары хочуць змяніць савецкую назву, улады прыслухаліся. Ці прыслухаюцца да прапанаванага назову – даведаемся 3 ліпеня. Кіраўнік гарадской вертыкалі паабяцаў на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня Рэспублікі, абвесціць новую назву старажытнай плошчы.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў