На незалежных журналістаў напаў начальнік з будтрэсту – тыя выклікалі міліцыю (відэа)


Агрэсія, крыкі і нават ужыванне сілы – з гэтым мусяць спатыкацца неабыякавыя людзі, якія хочуць расказаць грамадству, як беларускія начальнікі крыўдзяць тых, хто не мае ўлады і грошай. Выкручванне рук журналісту – хуліганства, прызнаюць праваабаронцы. Але ці пакараюць за гэта аднаго з начальнікаў?

{movie}Начальнік з Будтрэсту №12 Магілёву кідаецца на аператара і скандаліць |right|16830{/movie}

Ці дапамогуць афіцыйныя медыі ў бядзе?

Самотная маці з Магілёва Ірына Ільінская, якая выхоўвае двух дзяцей, 8-гадовага Косцю і 2-гадовую Машу, аказалася ў крытычнай сітуацыі. Кіраўніцтва Будаўнічага трэсту № 12, у інтэрнаце якога жыве маці з дзецьмі, папрасіла іх з’ехаць з памяшкання, бо фармальна спадарыня Ірына не працуе, знаходзячыся ў адпачынку для догляду за дзіцём. У выніку – жанчына можа аказацца з маленькімі дзецьмі на вуліцы, бо іншага жытла ніхто не прапаноўвае.

Жыхарка Магілёва неаднаразова звярталася па дапамогу да мясцовых уладаў, але безвынікова. «У адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва мне сказалі проста ў вочы: «Навошта вы ўвогуле дзяцей нараджалі. Трэба было іх спачатку забяспечыць жыллём, а потым нараджаць», – распавяла самотная маці.

Міліцыя з народам? Як страшылі самотную маці

Жанчыне і дзецям, лёс якіх абыякавы ўладам, пастанавілі дапамагчы незалежныя журналісты Аліна Скрабунова і Яўген Глушакоў. У афіцыйную прэсу спадарыня Ірына нават не звярталася: «Я больш давяраю незалежным журналістам. У тэлевізары ў нас ўсё цудоўна. А як насамрэч, бачна няўзброеным вокам».

Тое, што да спадарыні Ірыны прыязджаюць людзі з камераю, заўважыла начальства Будтрэсту № 12. Адзін раз прадстаўнікі арганізацыі выклікалі міліцыю, але журналісты паспелі сысці. «Міліцыянты падышлі і сказалі мне: «Паслухай, супакойся! Калі ты не супакоішся, то мы цябе супакоім, табою зоймуцца праваахоўныя органы. Я папрасіла іх назваць прозвішчы і пасады, але міліцыянты адразу ўцяклі», – распавяла Ірына Ільінская.

Агрэсіўны намеснік дырэктара

Калі незалежныя журналісты чарговы раз прыйшлі да самотнай маці, у пакой завіталі два мажныя мужчыны. «Я намеснік генеральнага дырэктара Будтрэсту №12», – назваўся адзін з нечаканых гасцей. Хоць яго папярэдзілі, што вядзецца здымка, прадстаўнік будаўнічага прадпрыемства Уладзімір Іваноў з рукамі кінуўся на камеру, крыкам патрабуючы, каб яго перасталі здымаць. Намеснік дырэктара ў пытаннях быту пачаў выкручваць аператару руку і намагаўся забраць камеру.



«Мы прыйшлі ў госці да Ірыны, каб паразмаўляць. Якое права вы маеце нам забараняць здымаць?» – запыталі журналісты раз’юшанага прадстаўніка Будтрэсту № 12. Той ніяк не мог уціхамірыцца, не зважаючы, што застаецца ў чужым пакоі ды палохае крыкамі дзяцей. Сітуацыя напалілася да такой ступені, што самі журналісты мусілі выклікаць міліцыю.

Ці лёгка быць журналістам у Беларусі?

«Калі ж з’явіўся ўчастковы Аляксандр Баршчэўскі, то толькі развёў рукамі. Ён зазначыў, што, выклікаўшы яго, мы перадухілілі канфлікт, таму Іванову не будзе ніякай кары», – распавяла незалежная журналістка Аліна Скрабунова.

{movie}Участковы Аляксандр Баршчэўскі высвятляе, хто пачаў скандал у інтэрнаце |right|16831{/movie}

Паводле яе, быць журналістам у Беларусі вельмі нялёгка – чалавек, які змагаецца за справядлівасць, часта зведвае з боку іншых хамства і агрэсію. «У Беларусі мала хто ведае законы, і праз гэта ўзнікаюць канфлікты. Што казаць, калі нават у гэтай сітуацыі першае пытанне, якое да мяне накіраваў міліцыянт, калі ўвайшоў: «Дзе ваш дазвол на здымкі?» Калі я знаходжуся ў пакоі, куды мяне запрасілі яго ж гаспадары, то які яшчэ дазвол мне трэба? Ніякім законам такія здымкі не забароненыя, але некаторыя людзі, а такіх шмат, не ведаюць законаў ці інтэрпрэтуюць іх на сваю карысць. І так паўсюль. Так на пустым месцы і паўстаюць канфлікты, якіх можна было б пазбегчы», – распавяла магілёўская журналістка.

Праваабаронца: Начальнік мог сабе спакойна сысці

Агрэсіўныя паводзіны службовай асобы з ужываннем сілы праваабаронцы лічаць хуліганствам, за якое мусіць быць кара.

„Уладзімір Іваноў не жыве ў тым пакоі, дзе вяліся здымкі, – пракаментаваў магілёўскі праваахоўнік Барыс Бухель. – Яго папярэдзілі, што здымаюць. Калі яму не падабалася, што ён трапіў у камеру, то мог сабе спакойна сысці. Рабіць скандал, у тым ліку перад малымі дзецьмі, з гэтай нагоды ён не меў права. Нішто не забараняе жыльцу ў сваім прыватным пакоі прымаць гасцей ды прамаўляць на камеру. Калі ж гаспадыня папрасіла начальніка выйсці, ён мусіў гэта зрабіць”.

Участковы Аляксандр Баршчэўскі склаў пратаколы апытання, на падставе якіх міліцыя будзе вызначаць, ці ўзбуджаць супраць службовай асобы з Будтрэсту № 12 адміністратыўную справу. Незалежныя журналісты ў якасці доказу хуліганскіх паводзінаў Уладзіміра Іванова маюць падаць праваахоўнікам відэа інцыдэнту. Калі ж міліцыя вырашыць пакінуць прадстаўніка будаўнічага прадпрыемства без пакарання, то карэспандэнты, а таксама Ірына Ільінская скіруюць скаргі ў пракуратуру.



МП, belsat.eu

Стужка навінаў