Оўбама ў еўрапейскім турнэ


За чатыры дні прэзідэнт Амерыкі плануе наведаць Польшчу, Францыю і Бельгію. Галоўнай тэмай візіту стане сітуацыя ва Украіне.

Сваё еўрапейскае турнэ прэзідэнт ЗША пачынае з Польшчы. У Варшаве Оўбама прабудзе два дні ды прыме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 25-й гадавіны дэмакратычных пераменаў і свабодных выбараў у краіне. Прэзідэнта суправаджае дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

Папярэдні візіт Барака Оўбамы ў польскую сталіцу адбыўся тры гады таму. Тады прэзідэнт ЗША прыняў удзел у сустрэчы лідараў Цэнтральнай Еўропы.

{movie}Падрыхтоўка да візіту Оўбамы ў Варшаве |right|16787{/movie}

Ключавымі тэмамі для абмеркавання стануць сітуацыя ва Украіне, умацаванне і мадэрнізацыя НАТО, пытанні энергетычнай бяспекі ды перамовы адносна трансатлантычнага партнёрства ў гандлі ды інвестыцыях. Таксама запланаваны шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі іншых краінаў, у тым ліку з Мустафой Джэмілевым і з новым кіраўніком Украіны Пятро Парашэнкам.

Пасля гэтага Оўбама паедзе ў Брусель, дзе сустрэнецца з каралём Бельгіі Філіпам і возьме ўдзел у саміце «Вялікай сямёркі», які быў перанесены з Сочы ў бельгійскую сталіцу ў сувязі з выключэннем Расеі са складу G8.

У пятніцу прэзідэнт ЗША наведае Нармандыю і прыме ўдзел ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да 70-годдзя высадкі саюзных войскаў у ходзе Другой сусветнай вайны.

Паводле намесніка дарадцы Оўбамы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Бэна Роўдса, не выключана, што ў ходзе мерапрыемстваў лідар ЗША сустрэнецца з Пуціным, аднак фармальных сустрэчаў не запланавана, піша «РИА Новости».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў