Як уладкаваць дзіця ў школу ў Польшчы, Грузіі, Літве. Гісторыі беларусаў


Адно з важных пытанняў, якое ўзнікае ў беларускіх сем’яў, якія пераязджаюць за мяжу, – як уладкаваць дзяцей у школу. Дзе знайсці неабходную інфармацыю, як выглядае працэдура афармлення, якія дакументы патрэбныя, з якімі складанасцямі можна сутыкнуцца ў розных краінах? «Белсат» задаў гэтыя пытанні бацькам, якія ўладкоўвалі дзяцей у школы ў Польшчы, Грузіі і Літве. Пра асаблівасці школьнай адукацыі ў Польшчы распавядае таксама кіраўнік кансультацыйнага пункту пры Акадэміі добрай адукацыі Ягор Сурскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Грузія

Беларуска Аксана разам з дачкой прыляцелі ў Грузію ў сярэдзіне навучальнага года. Адразу пачалі пошукі школы. У Грузіі даволі шмат магчымасцяў атрымаць сярэднюю адукацыю – на грузінскай мове, на расейскай, на англійскай. Ёсць дзяржаўныя і прыватныя школы. У дзяржаўных існуе так званы «расейскі сектар», дзе навучанне вядзецца цалкам на расейскай мове, але пры гэтым абавязковае вывучэнне грузінскай мовы ўжо з першага класу. У «расейскім сектары» ёсць таксама прыватныя школы з платным навучаннем.

Аксана вырашыла ўладкаваць дачку ў расейскамоўны клас у дзяржаўнай школе ў Чакві – пасёлку пад Батумі. Паводле агульных правілаў, рэгістрацыя дзяцей у дзяржаўныя школы праходзіць онлайн на адмысловым сайце на пачатку лета. Па спасылцы падрабязна тлумачыцца, як запоўніць форму рэгістрацыі. Таксама тут ёсць спіс дзяржаўных школаў у «расейскім сектары» і спіс патрэбных дакументаў для залічэння. Калі дзіця ідзе ў прыватную школу, у электронным рэестры яго рэгіструе сама школа, бацькам турбавацца не трэба.

Калі зарэгістраваць онлайн не паспелі, нічога страшнага. Тады трэба ісці ў школы і дамаўляцца з дырэкцыяй. Так і зрабіла Аксана. З дакументаў для афармлення дачкі спатрэбіліся пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, табель з беларускай школы. Усё павінна быць перакладзенае на грузінскую мову, з чым узніклі праблемы.

«Справа ў тым, што асабовая картка вучня, у якую ўпісваюцца пройдзеныя прадметы, надрукаваная па-беларуску, а прадметы ў яе запісваюцца па-расейску ад рукі, – распавядае Аксана. – Мясцовыя перакладчыкі хапаліся за галаву і адмаўляліся, бо дзве мовы, да таго ж, яны тут не маюць права перакладаць і завяраць напісанае ад рукі. Нам давялося шукаць перакладчыцу на грузінскую адначасова з расейскай і беларускай моваў».

Прасцей з афармленнем дзіцяці ў першы клас – там спатрэбяцца толькі пераклады пашпартоў бацькоў і дзіцяці і пасведчанне аб нараджэнні будучага вучня. Дазвол на жыхарства для ўладкавання ў грузінскую школу не патрэбны. Больш за тое – навучанне ў школе ёсць падставай для атрымання вучнем ВНЖ. Потым дазвол на жыхарства могуць атрымаць таксама бацькі ў межах працэдуры ўз’яднання сям’і.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Літва

Віленская гімназія імя Ф. Скарыны

У Літве рэгістрацыя дзяцей праводзіцца онлайн: з 1 да 31 сакавіка трэба запоўніць анкету на сайце адзінай інфармацыйнай сістэмы. Як уладкавацца ў школу, калі прапусціў гэты тэрмін, распавёў беларус Сяржук – ён напрыканцы лета 2022 года афармляў дачку ў Віленскую гімназію ім. Ф. Скарыны. Каб туды трапіць, давялося спачатку напісаць прашэнне на літоўскай мове на сайце мясцовага самакіравання ў раздзеле «Адукацыя».

«Праз дзесяць дзён мне на пошту прыйшоў нумар дазволу. 29 жніўня я пайшоў у гімназію. Напісаў заяву, запоўніў анкету. 1 верасня былі з дачкой у завуча, каб выбраць прадметы для навучання, – прыгадвае мужчына. – Палова дысцыплінаў – на выбар. Таксама для кожнага прадмету трэба выбіраць узровень складанасці».

З дакументаў спатрэбіўся беларускі пашпарт з візай, а таксама давялося ўзяць даведку ў паліклініцы для заняткаў спортам.

Дачка Сержука скончыла ў Беларусі 11 класаў, але ў Літве ёй прапанавалі зноў пайсці ў 11 клас, каб было 2 гады на вывучэнне літоўскай мовы, бо пасля сканчэння школы абавязковы іспыт па літоўскай мове.

Стэмбрыдж

Яшчэ адна школа ў Літве, папулярная сярод беларусаў, – Стэмбрыдж. Як туды ўладкавацца, нам распавялі ў самой школе:

«Працэс паступлення да нас даволі просты, бо мы не залежым ад сістэмы віленскага муніцыпалітэту. Спачатку бацькі пакідаюць заяўку на нашым сайце, потым нашая адміністратарка высылае ім спасылку на першую анкету – там апроч фармальных пытанняў ёсць і пытанні кшталту «апішыце школу вашай мары», «што для вас галоўнае ў школе» і «як вы зразумееце праз некаторы час, што нашая школа падыходзіць вам і вашым дзецям».

Такія незвычайныя пытанні ў Стэмбрыджы лічаць вельмі важнымі, бо перакананыя, што школа таксама «выбірае для сябе бацькоў» і важна, каб было супадзенне «каштоўнасцяў і ўвогуле блізкасць духу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Пасля запаўнення анкеты бацькам дасылаецца падрабязная інфармацыя пра каштоўнасці, місію і побытавыя пытанні працы школы.

«Пазней бацькі разам з дзіцём запрашаюцца на індывідуальную экскурсію – знаёмства са школай і сумоўе з дырэктаркай. Калі пасля гэтага і бацькі і мы ўпэўненыя, што падыходзім адно аднаму, бацькі атрымліваюць вялікую фармальную анкету, падпісваюць дамову і прыходзяць да нас, – кажуць у школе. – Варта адзначыць, што заяўкі мы прымаем цягам навучальнага года, і прыйсці да нас можна ў любы момант, калі ёсць вольныя месцы ў класе. Клас у нас не можа мець больш за 16 вучняў».

Стэмбрыдж мае афіцыйную літоўскую акрэдытацыю для малодшых і сярэдніх класаў з навучаннем паводле праграмы нацыянальных меншасцяў. Старэйшых класаў пакуль у школе няма. Навучальны працэс вядзецца пераважна на расейскай мове, беларуская мова вывучаецца ў так званых студыях, напрыклад, ёсць заняткі на беларускай мове «Мова дзеткам». Таксама на базе школы праходзяць курсы «Мова нанова ў Вільні».

Таксама па-беларуску ладзяцца пазакласныя мерапрыемствы кшталту «Гуканне вясны» і падобных. У школе працуе беларускамоўная кнігарня, адкрытая для ўсіх.

«На жаль, няма запыту на беларускамоўныя класы», – зазначаюць у школе.

Шмат увагі ў Стэмбрыджы надаецца англійскай мове.

Акрамя заняткаў, для дзяцей праводзяць экскурсіі, выязныя мерапрыемствы.

Кошт навучання ў школе – € 5750 на год (1–4 класы) і € 5950 на год (5–8 класы).

Польшча: як уладкавацца ў малодшыя класы

Наста пераехала ў Польшчу з дзвюма дочкамі – малодшая яшчэ не хадзіла ў садок, а старэйшая вучылася ў малодшых класах у беларускамоўнай гімназіі ў Менску. Пераезд быў экстранны, пасярод трэцяй чвэрці. Адразу ж уладкавацца ў школу ў Польшчы ў сярэдзіне навучальнага года не ўдалося – шмат часу занялі пошукі працы і жытла.

«Нам шмат адмаўлялі нават у праглядзе кватэраў на здым, бо мы з двума дзецьмі. Таму як толькі атрымалася больш-менш сталае жытло знайсці, мы адразу пабеглі ў школу. І сутыкнуліся з тым, што дакументы, якія нам далі ў беларускай школе, – трошку не тыя, якія патрэбныя ў Польшчы», – прыгадвае Наста.

Была патрэбная іншая даведка з табелем ацэнак, не тая, якую выдалі ў Беларусі. Польская школа, паводле Насты, сама напісала ў беларускую і папрасіла патрэбны дакумент. Даведку праз сваякоў перадалі ў Польшчу, яе спатрэбілася перакласці на польскую мову.

«Гэта было троху нечакана. Некалькі маіх сяброў з дзецьмі выязджалі раней, і іхных дзяцей прымалі нашмат прасцей. Амаль без дакументаў нават. А мы спачатку чакалі гэтую даведку, потым перакладалі, што таксама было не так проста, бо яна была на беларускай мове і не ўсе браліся за пераклад», – кажа Наста.

Калі з дакументамі разабраліся, Насце нарэшце сказалі, што ўсё добра, дачку бяруць у школу, але толькі з новага навучальнага года і ў той самы клас, у якім яна вучылася ў Беларусі. Наста перажывае, як дачка адаптуецца да польскай школы, загадзя наняла рэпетытараў па польскай мове.

«Я ўжо сутыкалася з сем’ямі нашых беларусаў на дзіцячых пляцоўках, чые дзеці нібыта з лёгкасцю пайшлі ў школу. Але іх не пераводзяць у іншыя класы, бо не цягнуць на ўзроўні палякаў. І наноў ідуць у першы клас трэці раз, ці ў пяты другі раз. Гэта складана», – кажа беларуска.

Польшча: як уладкавацца ў «зэруўку»

У беларуса Паўла, які цяпер жыве з сям’ёй у Гданьску, у гэтым верасні дачка ідзе ў так званую «зэруўку» – нулявы клас. Пытаннем уладкавання дзіцяці ў школу Павел з жонкай заняліся яшчэ на пачатку гэтага года. Даведаліся, што ўвесну пачынаецца так званая рэкрутацыя, напярэдадні наведалі дні адкрытых дзвярэй у розных школах.

«Мы схадзілі ў чатыры школы ў нашым раёне. На ўваходзе нас сустракалі вучні гэтых школаў. Што адразу кінулася ў вочы – яны найперш звярталіся да дзяцей, а не да бацькоў. Як гіды, вадзілі нас па школе, паказвалі класы, спартовую залу, калідоры, сталовую. Дзецям асабліва цікава было паглядзець прыборы для вопытаў, канструктары і падобнае. Акрамя таго, для дзяцей ладзіліся квэсты, дарылі падарункі – дробязь кшталту алоўкаў і іншае, але такая ўвага была прыемная».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anatol Chomicz / Forum

Паўла здзівіла, што дзецям дазволілі самастойна распавядаць пра школу, што побач не было настаўнікаў, якія б іх кантралявалі.

«Яны вельмі шчыра ўсё распавядалі. Паказвае сталовую, кажа – нас тут смачна кормяць. Удакладняю – праўда, смачна? Адказвае – ну, часам нясмачна, часам можна есці. Пра настаўнікаў таксама распавядаюць. Нам у адной са школаў праводзіў экскурсію хлопец з Беларусі. У яго быў апошні год перад ліцэем, ён прыехаў два гады таму. Ён пачуў, што мы з Беларусі, таму сам выказаў жаданне быць нашым гідам».

Сама рэкрутацыя далей праходзіць у электронным выглядзе на адмысловым сайце.  Адзінага сайту для ўсёй краіны няма, у кожным рэгіёне і нават горадзе свае парталы, на якіх праводзіцца рэкрутацыя. Там трэба запоўніць анкету, у якой падаць пашпартныя звесткі і нумар PESEL. Можна выбраць некалькі школаў, у якія хочаш трапіць, у парадку прыярытэту. Запоўненую анкету трэба раздрукаваць і занесці ў першую школу са свайго спісу. У школе павінны сказаць, бяруць цябе ці не. Дачку Паўла ўзялі ў першую ж школу, у якую яны падалі анкету. Беларус зазначае таксама, што на ўсіх этапах усё бясплатна, у тым ліку – сама адукацыя ў дзяржаўнай школе.

Калі сям’я прыязджае ў Польшчу пасля сканчэння рэкрутацыі, трэба ісці асабіста ў школу і пісаць заяву. Павел зазначае, што не ведае пра такія сітуацыі, каб хтосьці з беларусаў прыехаў у Польшчу і не здолеў уладкаваць дзіця ў школу.

З якімі праблемамі сутыкаюцца польскія школы: рэформа адукацыйнай сістэмы і ўцекачы з Украіны

Пра спецыфіку ўладкавання ў польскія школы для беларусаў мы папрасілі распавесці кіраўніка кансультацыйнага пункту пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягора Сурскага.

Ягор звяртае ўвагу на тое, што цяпер у Польшчы адбываецца рэформа сістэмы адукацыі, звязаная з пераходам з 11-гадовага на 12-гадовае навучанне, у сувязі з чым набор, асабліва ў ліцэі, даволі напружаны, а ўкамплектаванасць класаў вельмі шчыльная. Сітуацыя ўскладняецца вялікай колькасцю ўцекачоў з Украіны, чыім дзецям у першую чаргу аказваецца падтрымка, і яны маюць прыярытэт пры ўладкаванні ў школы і ліцэі, для іх ствараюцца адмысловыя класы.

«Норма для ліцэяў – 32-34 вучні ў класе. Калі месцаў у польскім класе няма, беларусам могуць прапанаваць далучыцца да ўкраінскага класу», – зазначае спадар Ягор.

Яшчэ адна складанасць – дзецям беларусаў часта прапаноўваюць паўтарыць год – пайсці ў той жа клас, які вучань скончыў у Беларусі, каб на дастатковым узроўні вывучыць польскую мову. Такая сітуацыя таксама можа ўзнікнуць у сувязі з тым, што ў патрэбнай паралелі няма месцаў у класах, а на год раней – ёсць.

Калі сям’я з дзецьмі школьнага веку прыязджае ў Польшчу, у першую чаргу ім трэба зрабіць нумар PESEL, пасля чаго падаць заяўку. Гэта можна зрабіць можна ў электроннай форме ці асабіста падчас наведвання школы. Набор у першы клас ліцэя праводзіцца на падставе рэгістрацыі ў рэкрутацыйнай сістэме, распавядае Ягор Сурскі. Рэкрутацыя распачынаецца ўлетку і сканчаецца ў жніўні. Калі бацькі не паспелі падаць электроннай заяўкі, ім трэба будзе хадзіць у школы і асабіста размаўляць з адміністрацыяй.

«Школа абавязаная прыняць дзіця паводле месца жыхарства. Могуць сказаць, што месцаў няма і прапанаваць пашукаць іншую школу. Калі месца ў іншых школах не знаходзіцца, трэба вярнуцца ў школу паводле месца рэгістрацыі, і там будуць абавязаныя ўзяць вучня», – зазначае эксперт.

Школьная адукацыя ў дзяржаўных школах у Польшчы цалкам бясплатная. Аднак бацькам давядзецца купляць падручнікі. Кошт камплекту для старэйшых класаў можа дасягаць 1000 злотых. Таксама пазней могуць быць нейкія выдаткі на экскурсіі, іншыя школьныя патрэбы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrzej Hulimka / Forum

Што датычыць беларускай школы, то на сённяшні дзень такой установы, якая была б юрыдычна зарэгістраваная, у Польшчы не існуе, кажа наш суразмоўца. На Падляшшы ёсць дзве школы для нацыянальных меншасцяў, дзе могуць вучыцца беларусы з польскім грамадзянствам. Навучанне там ідзе на польскай мове і паводле польскай праграмы, на прадметы па-беларуску адводзіцца каля 7 гадзін на тыдзень.

«Дзіця можна вучыць па-беларуску ў фармаце хатняга навучання, і апошнім часам яно ўсё больш папулярнае і запатрабаванае, – кажа спадар Сурскі. – Аднак умовай для хатняга навучання ёсць атэстацыя паводле польскай праграмы на польскай мове. Гэта кампраміснае рашэнне, і яно існуе на базе Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве».

Як паступіць у Акадэмію добрай адукацыі ў Варшаве

Цяпер праводзіцца набор на 2023/24 навучальны год вучняў з Беларусі ў першы клас ліцэю пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве. Навучэнцы будуць рэалізоўваць польскую адукацыйную праграму, паводле якой забяспечваецца эфектыўная падрыхтоўка да атэстацыі (матуры) за курс сярэдняй школы, што дазваляе атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Польшчы. Дадатковым кампанентам навучання ёсць курс «Веды аб культуры Беларусі». Прыём на вучобу адбываецца па выніках сумоўя з бацькамі і вучнем, падчас якога можна выявіць інтарэсы і далейшыя планы кандыдата.

Магчымае таксама залічэнне вучняў з Беларусі ў другі клас ліцэю на 2023/24 навучальны год. У гэтым выпадку, каб лепш спланаваць навучанне кандыдата, адбываецца гутарка з ім і ягонымі бацькамі.

Ідзе запіс і ў іншыя навучальныя класы, у тым ліку ў першы клас базавай школы Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве.

Зацікаўленым асобам просьба пісаць на наступны адрас: info.by@dobraedukacja.edu.pl ці звязвацца праз тэлефон: 785 570 900.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў