Дар’я Далідовіч працягне спартовую карʼеру як будучая біятланістка


Юная спартоўка Дар’я Далідовіч, дачка самага знанага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча, хутка знайшла сябе пасля выезду з Беларусі, перакваліфікаваўшыся ў біятланістку. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» распавёў ейны бацька.

Дар’я, дачка вядомага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча. Варшава, Польшча. 8 лютага 2022.
Фота: КК / Белсат

– Пасля пераезду ў Варшаву 6 лютага мы пакрысе пачалі будаваць сваю найбліжэйшую будучыню тут, абсалютна не ўяўляючы, якой яна будзе для нас з жонкай Ірынаю, дарослых, і для сярэдняй Дашы, для малодшай Златы. Паволі афармлялі дакументы, ужываліся ў быт польскай сталіцы. Але ўжо 20 лютага Дар’ю праз «Інстаграм» знайшла вядомая польская лыжніца, двухразовая алімпійская чэмпіёнка і двухразовая чэмпіёнка свету Юстына Кавальчык, якую тут вельмі любяць і цэняць. Яна амаль год таму была абраная спартоваю дырэктаркай польскага Звязу біятлону. І цяпер даведалася, што мы вымушаныя былі пакінуць Беларусь з прычынаў бяспекі, ды што Дар’я жадае далей займацца спортам. Мы ж выязджалі без інвентару, але тут дачцэ сама Юстына дала лыжы і палкі, якія акурат падышлі па росце. Боты мы ўзялі свае. Сустрэліся з Юстынаю ў Варшаве, паразмаўлялі, вынікам чаго стаў наш пераезд у мястэчка Касьцеліска (Kościelisko). Гэта адна з далінаў у Заходніх Татрах за некалькі кіламетраў ад Закапанага (Zakopane).

Уяўляеце, якое супадзенне? На чатыры дні мы пасяліліся ў тым самым пакоі, у якім я жыў, калі адправіўся на першы замежны збор у сваёй кар’еры амаль 30 год таму. Сустрэў нават чалавека, які тады быў дырэктарам базы. Гэта такі вайсковы спартовы клуб. Пазней знялі для нашай сям’і паўдому з двума пакоямі і кухняй. У нас ужо і прапіска часовая тут ёсць. А Дар’я роўна тыдзень таму пайшла ў спартовы інтэрнат. Жыве ў пакоі з дзвюма дзяўчынамі. Пры інтэрнаце літаральна праз сценку працуе школа, дзе вучацца таксама лыжнікі, скакуны з трампліна, гарналыжнікі і біятланісты. Такая невялікая ўстанова выключна для прадстаўнікоў зімовых відаў спорту.

Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч і ягоная сям’я ў часовай кватэры адразу пасля пераезду з Беларусі. Варшава, Польшча. 8 лютага 2022.
Фота: КК / Белсат

У прынцыпе, усё, як у нас у Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзерву: а 7-й пад’ём, сняданак, а 8-й першае трэнаванне, аб 11:15 першы ўрок. Да 17-й гадзіны з перапынкам на абед яны вучацца. Далей ці другое трэнаванне ці штосьці іншае па плане. Адзінае, што ўдома Дарʼя скончыла б школу праз чатыры месяцы, а тут навучанне падоўжыцца яшчэ на два гады. Напачатку тыдня я яе туды адвожу, на ўік-энды – забіраю дадому.

Першы тыдзень быў для Дар’і няпросты ў сэнсе адаптацыі. І з моваю пакуль складана, і з такім рэзкім уключэннем у навучальны працэс пасля амаль трохмесячнага перапынку. Думаю, яшчэ месяц ці два пройдзе, пакуль мы тут больш паўнацэнна прыжывёмся. Але ўсе вельмі цешымся, што Дар’я працягнула займацца спортам. Няхай і не лыжнымі гонкамі. Але біятлонныя трэнаванні ёй таксама спадабаліся. Хаця вінтоўку ў руках яшчэ не трымала. Спецыялізацыя ў іх пойдзе пазней, калі пацяплее. Бо цяпер непрызвычаеным халодна страляць лежачы. І трэнуе вельмі аўтарытэтны чалавек – чэмпіён свету і срэбны прызёр турынскай Алімпіяды Томаш Сікора.

А засталася б Дар’я ў Беларусі – на спорце можна было б ставіць крыж. Мае выхаванкі з юніёрскай каманды напісалі, што іх ужо расфармавалі без акрэсленай будучыні. Літаральна адправілі па дамах з прычыны бесперспектыўнасці заняткаў ва ўмовах ізаляцыі ад вонкавага свету. Бо дзяўчаткі рыхтаваліся да еўрапейскіх Алімпійскіх гульняў моладзі, але шлях туды, як і на іншыя міжнародныя спаборніцтвы, для беларусаў і расейцаў закрылі. Тут Даша мае перспектыву выступаць за зборную Польшчы. Тым больш на карысць гэтаму – змена віду спорту. Таму не трэба праходзіць нейкага каранціну ў Міжнароднай лыжнай федэрацыі (FIS), бо цяпер яна трапляе пад эгіду Міжнароднага звязу біятланістаў (IBU). Застаецца толькі развязаць пытанне з відам на жыхарства. Мы ў пастаянным кантакце з юрыстамі ў гэтай справе.

Сяргей Далідовіч.
Фота: КК / Белсат

– А што ў вас з працаю?

– Пакуль чакаю разгляду пытання з дазволам на яе. Працы тут хапае. Як нам распавялі, трэнеры вельмі патрэбныя. Праз пару месяцаў я ўжо дакладна змагу працаваць афіцыйна. У жонкі дыплом, у мяне дыплом. У тым, што праца па спецыяльнасці знойдзецца на такім вялікім курорце, я абсалютна не сумняваюся. Мову падвучым і можам прыступаць. Малодшую дачку Злату аддадзім у садок. Тут ён таксама, зразумела, ёсць. Каштуе 250 злотых на месяц (амаль $ 60 па цяперашнім курсе) плюс харчаванне $ 2,5. Усё амаль так сама, як і ў нас, толькі тут заробкі крыху большыя. – Смяецца. – Мы ў Закапаным толькі тры тыдні, а ўжо такое ўражанне, што спрадвеку. Перайшлі на іншы, новы жыццёвы ўзровень. Усе ў нашай сямʼі разумеюць, што трэба трываць, працаваць, рухацца наперад. І ўсё абавязкова атрымаецца.

Сяргей Далідовіч – адзіны ў спартовай гісторыі лыжнік, які браў удзел у сямі Алімпіядах (1994–2018), а таксама ў 12 запар чэмпіянатах свету. Найвышэйшае месца на Алімпіядзе – 5-е. Ва ўзросце 40 гадоў на Алімпіядзе ў Сочы заняў 5-е месца ў мас-старце на 50 км. Разам з сямʼёй пераехаў з Беларусі ў Польшчу ў пачатку 2022 г.

Гісторыі
«Пакінуў нават Ордэн Пашаны». Легендарны лыжнік Сяргей Далідовіч выехаў з Беларусі, пакуль ідзе Алімпіяда
2022.02.09 16:28

Размаўляў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў