Справа «Экамедсэрвісу»: пытанні, на якія не адказаў суд


Пасля 4-ох месяцаў разгляду касацыйных скаргаў працаўнікоў «Экамедсервісу» суд абвесціў канчатковае пакаранне для абвінавачаных у смерці гарадзенкі Юліі Кубаравай. Але ставіць кропку ў гэтай справе яшчэ рана.

Чаму памёр здаровы пацыент?

З якой прычыны памерла Юля? Што пайшло не так падчас або пасля аперацыі? Вось пытанні, якія працягваюць задаваць ейныя бацькі. «Па-першае, гэта была нескладаная аперацыя, не перасадка ныркі, не роды, а касметычная аперацыя для выпраўленні формы носа. А, па-другое, Юля была амаль ідэальна здаровым чалавекам – у яе не было ані алергіі на лекі, ані апендыцыту, ёй нават гландаў не выразалі», – гаворыць Юрый Кубараў.

Канчатковы прысуд застаўся без зменаў

25-гадовая Юля перад вяселлем вырашыла зрабіць карэкцыю носа. Але ж пасля рынапластыкі дзяўчына трапіла ў кому, а праз месяц памерла ў менскім шпіталі. Гэта ці не першая ў Беларусі справа смерці пацыента літаральна на аперацыйным стале, якая дайшла да суда і ў якой знайшлі вінаватых.

31 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Менска пастанавіў прыцягнуць да адказнасці трох асобаў: доктара-анестэзіёлага, галоўнага інжынера і гендырэктарку «Экамедсэрвісу». Анестэзіёлага Аляксандра Шурава асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах пасялення. Галоўны інжынер Вадзім Ліхута атрымаў тэрмін на год меншы там жа. А гендырэктарка Галіна Валжанкіна атрымала 2 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову закрытага тыпу. На 5 гадоў суд забараніў абвінавачаным займаць пасады, адпаведныя іхным ранейшым – Шураву займацца лекарскаю дзейнасцю, а Валжанкінай і Ліхуце – выконваць арганізацыйна-распарадчыя функцыі. Таксама суд пастанавіў спагнаць з «Экамедсэрвісу» на карысць бацькоў загінулай пакрыццё матэрыяльнае шкоды (Br 74 млн) і матэрыяльнае – па Br 500 млн кожнаму.

Усе абвінавачаныя скарысталіся з магчымасці абскардзіць прысуд. Пасля абвешчання прысуду ў студзені ўсе абвінавачаныя былі на волі. Галоўны інжынер застаўся працаваць у «Экамедсэрвісе», анестэзіёлаг пайшоў працаваць у хуткую, а гендырэктарка выйшла на пенсію. Пасля амаль чатырохгадзіннага паседжання 23 траўня Менскі гарадскі суд пакінуў канчатковае абвінавачанне такім самым.

Бацькі хочуць перагляду справы

Бацькі Юлі – Ала і Юрый Кубаравы – вінавацяць у смерці дачкі ўсю аперацыйную брыгаду. Пасля прысуду гарадскога суда яны атрымалі магчымасць падаць дакументы на прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых. Апроч анестэзіёлага, на аперацыі прысутнічалі хірург і дзве медсястры.

Бацькі Юлі зноў і зноў узгадваюць па хвілінах той вечар і ноч 26 сакавіка. Яны думаюць, што і пасля разгляду справы ў ёй засталіся цьмяныя моманты.

Чаму не дапыталі дзяжурную медсястру?

Каля другой гадзіны ночы Юлю ў цяжкім стане забрала хуткая. Кубаравым вядома, што ў тую ноч дзяжурыла медсястра Дыяна. Але ж дапытаць яе так і не змаглі: цягам месяца судовых паседжанняў яна ляжала ў шпіталі. «Дыяна – важная сведка. Як яна зразумела, што Юлі кепска, хто ёй тэлефанаваў у тую ноч, так і засталося невядомае», – тлумачыць бацька Юлі.

Хто выходзіў з аперацыйнага пакою? Калі скончылася аперацыя? Што рабілі дактары тры гадзіны замест паўтары?

Калі скончылася аперацыя? Яна пачалася а 17 гадзіне, а вывезлі Юлю з аперацыйнага пакою каля 20 гадзіны. Звычайна ж такая аперацыя доўжыцца паўтары гадзіны. Бацькі дзяжурылі каля аперацыйнага пакою амаль увесь час, толькі на пачатку ненадоўга пайшлі выпіць кавы.

«Каля 18:30 з аперацыйнага пакою выйшла высокая медсястра з выразнымі вачыма, яна вельмі хвалявалася», – узгадвае Ала Кубарава.

«Падчас аперацыі асіставалі дзве медсястры: Таццяна Бандарэнка – хірургу, а Ірына Нямухіна – анестэзіёлагу, – тлумачыць Юрый. – Бандарэнка не мела права выходзіць падчас аперацыі. А на судзе Нямухіна сказала, што гэта яна выходзіла. Але ж мы не маглі пераблытаць. Няхай нават яна тады была на абцасах (а сама яна невысокая), можа, у яе вочы тады былі яскрава нафарбаваныя, але ж у іх рознага колеру працоўная форма: у адной бірузовая, а ў іншай сіняя. Мы ж мастакі, дызайнеры, гэта нашае прафесійнае ўменне – адрозніваць колеры!»

Згодна з логікаю бацькоў, калі з аперацыйнага выходзіла ўсё ж такі Бандарэнка, то аперацыя магла скончыцца ўжо каля паловы на сёмую. «А што яны рабілі яшчэ больш за гадзіну? – здзіўляецца мама Юлі. – Можа, яны яе ратавалі ўвесь гэты час?.. Можа, медсястра выходзіла не пытанне з кіслародам вырашаць, а за нейкім сродкам, каб яе ажывіць, каб у свядомасць прывесці…»

«Мы зрабілі адпаведную заяву, але ўсё гэта прайшло міма. Сталі на бок медсёстраў», – дадае Юрый.

Ці вярталася да Юлі свядомасць?

Пасля наркозу пацыент мае прыйсці ў прытомнасць хоць бы на 5 хвілінаў, адказаць, як яго завуць ды на іншыя простыя пытанні, а пасля гэтага ён можа заснуць на доўгі час разняволеным сном. Медыкі сцвярджалі, што Юля прыходзіла ў прытомнасць, бацькі ж у гэтым сумняюцца. Яны бачылі, як Юлю вывозілі з аперацыйнай. «Яна зусім не рухалася, вельмі цяжка дыхала, колер скуры быў вельмі бледны». Галоўная медсястра, якой не было на аперацыі, казала на допыце, што ў Юлі прысутнічалі рэфлексы, што яна сціскала руку. А голас, падобны да ейнага (галоўнай медсястры), запісаны пры выкліку хуткай уначы, паведамляў, што пацыентка без рэфлексаў, без прытомнасці.

Колькі часу не працаваў апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ)?

Паводле заключэння «Экамедсэрвісу», збой апарата ШВЛ цягнуўся «некалькі хвілінаў». Аднак ці былі гэта 5 хвілінаў, ці 40, колькі разоў адключаўся апарат, невядома. «Калі там былі лекары, няважна, ці быў кісларод – дзіця не мусіць памерці. А яны гэта ўсё дапусцілі, пайшлі, пакінулі яе і не далі шанцу», – наракае Ала.

Чаму не абвінавацілі хірурга?

Бацькі Юлі здзіўленыя, што хірурга Віктара Серабро прызналі невінаватым. Ён быў адзінаю асобаю, з кім знаёміліся бацькі да аперацыі і які, на іхнае меркаванне, граў асноўную ролю ля аперацыйнага стала. «Хірурга дапытвалі аднаго з першых, калі было вельмі мала іншых паказанняў. Допыт цягнуўся 2 гадзіны, у той жа час допыт анестэзіёлага – 2 дні. Хірург на шматлікія пытанні адказваў, што не памятае, як гэта было, не бачыў чагосьці, не чуў, што казалі калегі. Яго не выклікалі паўторна пасля паказанняў Нямухінай, хоць мы прасілі пра гэтае», – гаворыць Юрый Кубараў.

Медсястру Ірыну Нямухіну дапытвалі напрыканцы, і яна сказала тое, чаго не казалі сведкі да яе. Яна прызналася, што анестэзіёлаг папрасіў яе нікому не казаць пра тое, што была паломка апарата. «Значыць, лагічна будзе выказаць здагадку, што і астатнім ён сказаў тое самае. Каяву (заснавальніку «Экамедсэрвісу») Шураў таксама расказаў. Валжанкіна ведала. Як мог не ведаць Серабро? Яны ж усе разам былі, рабілі адну аперацыю… Калі, да прыкладу, у офісе на працы штосьці надзвычайнае здараецца, то ўсе калегі пра гэта ведаюць, абмяркоўваюць сітуацыю разам, гэта натуральнае», – Юрый не можа паверыць у паказанні хірурга пра тое, што ён сядзеў на стуле ў баку і не ведаў, што адбываецца.

«Расследаваць справу і не назваць усіх вінаватых, гэта горш, чымся не давесці справу да суда. Мы ж не патрабавалі смяротнага пакарання», – гаворыць Юрый.

Цікава, што Віктар Серабро адзін з нешматлікіх хірургаў робіць агульны наркоз з выключэннем дыхальных цэнтраў, хоць большасць хірургаў пакідае пацыента дыхаць самастойна. Пра гэта бацькі даведаліся толькі падчас суда. Калі пацыент дыхае самастойна, то хірург на аперацыі вымушаны ўдыхаць пару наркозу ад дыхання пацыента. Гэта шкодна для лекара, таму Серабро аддае перавагу аперацыі з адключэннем самастойнага дыхання і пераводам на дыханне праз трубку.

«Гэта неапраўданая рызыка. Ён робіць сваю справу абыякава і бяздушна, але за бяздушнасць не саджаюць у турму», – зазначае маці Юлі.

Тры асобы атрымалі 2, 3 і 4 гады абмежавання ці пазбаўлення волі не ў самых суворых умовах за смерць 25-гадовай дзяўчыны, адзінай дачкі сваіх бацькоў. Дзве з іх цалкам абвяргаюць сваю вінаватасць, адна – часткова. Наперадзе спробы прыцягнуць да адказнасці іншых медыкаў, якія бралі ўдзел у аперацыі ды якія, магчыма, ведалі пра цяжкі стане дзяўчыны, але проста прамаўчалі ды своечасова не дапамаглі ёй застацца жывою.

Настасся Фрода, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары