Гістарычныя спрэчкі


Злачынства савецкага рэжыму ніколькі не меншыя за нацысцкія. Гэтак пастанавілі ў латвійскім сейме, і цяпер за праслаўленне ці апраўданне тых падзеяў прапаноўваюць караць штрафам альбо нават турэмным тэрмінам да пяці гадоў. Прэзідэнт краіны закону пакуль не падпісаў. Такія законы, прынятыя ўва ўсіх краінах Балтыі, у Расеі называюць фальсіфікацыяй гісторыі, але і ў нашых паўночных суседзяў яны выклікаюць супярэчнасці.

Пасля палкіх дыскусіяў літоўскі сейм пашырыў Закон аб крымінальнай адказнасці за праслаўленне генацыду. Цяпер пад гэтую фармулёўку падпадаюць і злачынствы савецкага рэжыму. Апазіцыя вінаваціць улады ў абмежаванні свабоды слова, але паводле кіроўнай партыі “Адзінства” плюралізм сканчаецца тады, калі сягае балючых фактаў не такой ужо далёкай гісторыі.

{movie}Гістарычныя спрэчкі (20.02.14) |right|16536{/movie}

АНДРЭЙ ЮДЗІН, ПАРТЫЯ «АДЗІНСТВА»:
“Свабода слова можа быць абмежаваная. І калі мы кажам пра злачынствы, такія, як генацыд, злачынствы супраць чалавецтва, ваенныя злачынствы, гэтага дастаткова, каб абмежаваць свабоду слова… Калі ёсць мэта, мы намагаемся перадухіліць вось гэты канфлікт у грамадстве – раз’яднанне”.

Але апазіцыя спадзяецца, што прэзідэнт краіны ўсё ж такі не падпіша зменаў у закон.

БАРЫС ЦЫЛЕВІЧ, АБ’ЯДНАННЕ «ЦЭНТР ЗГОДЫ»:
“Натуральна, вельмі шмат дрэннага здзейснілі і за Савецкім Саюзам, але вось такое параўнанне з нашага гледзішча абсалютна не слушнае. Нюрнбергскі трыбунал прызнаў злачынным нацысцкі рэжым, адносна камуністычнага рэжыму ніякіх рашэнняў міжнародных судоў не было”.

Латвія яшчэ ў 1991 годзе забараніла выкарыстоўваць савецкую і нацысцкую сімволіку на масавых акцыях. Гэткія забароны дзеюць у Літве і ў Эстоніі, што традыцыйна выклікае алергічную рэакцыю Расеі, якая, у сваю чаргу, прынялА закон супраць “рэабілітацыі нацызму”. Латвійцы ж да ініцыятывы ўладаў ставяцца спакойна.

ЖЫХАРЫ РЫГІ:
“Гэта зразумела, бо ёсць выпадкі, калі гэтая сімволіка выкарыстоўваецца ў правакацыях. Проста палове краіны не падабаецца нацысцкая сімволіка, палове – савецкая”.
“Ну, у прынцыпе, справядліва з прычыны прапаганды такой. Думаю, што гэта нармальна”.
“Сучаснае пакаленне ўжо нават не ведае, што за акупацыя, пра што яны ўвогуле кажуць. А тыя ўсё нагадваюць, нагадваюць, распальваюць барацьбу, таму хай лепш займаюцца рэальнымі праблемамі”.

Градус эмоцыяў намагаюцца суцішыць і аўтары закону, нагадваючы, што абмяркоўваць гістарычныя падзеі не забараняецца. Таксама гэты закон не тычыцца ветэранаў ды іхных узнагародаў.

АНДРЭЙ ЮДЗІН, ПАРТЫЯ «АДЗІНСТВА»:
“Гаворка пра іншае. Калі чалавек разумее, што было зло, якое забівала людзей, рэпрэсоўвала, і ён пачынае праслаўляць гэта… Гаворка не пра тое, што адбылося з ім. Гаворка пра гістарычныя падзеі”.

Паводле латвійскіх уладаў, папраўкі ў закон маюць знеахвоціць перад магчымымі злачынствамі. Бо як дагэтуль, дык судовыя разборы паводле гэтага артыкулу можна пералічыць на пальцах.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/dPC-0ruxcxs

Глядзі таксама
Каментары