Крымскі сцэнар па-кітайску – сотні людзей мусяць ратавацца ўцёкамі


Сотні кітайцаў уцякаюць з В’етнаму пасля пагромаў, выкліканых захопам в’етнамскай акваторыі флотам КНР. Тым часам у самой затоцы Бакбо працягваюць супрацьстаянне дзясяткі караблёў гэтых дзвюх найбуйнейшых у свеце камуністычных дзяржаваў.

{movie}Крымскі сцэнар па-кітайску|right|16470{/movie}

Пасля ўчорашніх закалотаў у В’етнаме, якія прынеслі 21 ахвяру і больш за 100 пацярпелых, сёння прынамсі 600 кітайцаў уцяклі адтуль у адну толькі Камбоджу.

ЧУН МІН ЧЭН, ТАЙВАНСКІ БІЗНЕСОВЕЦ:
«Я замаскіраваўся пад в’етнамскага рабочага. Я папрасіў рабочых даць мне шлем, потым я надзеў цёмныя акуляры, якія яны звычайна носяць, маску і адзенне, якое звычайна носяць в’етнамскія працоўныя, і паехаў на матаролеры».

Антыкітайскія пагромы, што пачаліся ў аўторак на поўдні В’етнаму, перакінуліся таксама на прадпрыемствы з паўднёвакарэйскім, сінгапурскім, тайванскім і японскім капіталам.

ЁСІХІДЭ СУГА, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР КАБІНЕТУ МІНІСТРАЎ ЯПОНІІ:
«Мы звярнуліся да в’етнамскага ўраду з запытам запэўніць бяспеку японскіх грамадзянаў і кампаніяў, а таксама адрэагаваць на пытанні аб кампенсацыі».

Афіцыйны Ханой заявіў пра затрыманне 600 удзельнікаў закалотаў, але адначасова выказаў падтрыманне права сваіх грамадзянаў на мірныя пратэсты супраць кітайскіх дзеянняў у Паўднёвым моры. Кітайскае МЗС, у сваю чаргу, выказаў сумнеў у спантаннасці пагромаў у краіне, дзе кіроўная Кампартыя жорстка кантралюе любыя праявы грамадзянскай актыўнасці.

ХУА ЧУНЬ ІН, ПРЭС-САКРАТАРКА МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ КІТАЮ:
«Апошнімі днямі дзеянні ў В’етнаме, уключна са збіццём, разгромам, рабаваннямі ды падпаламі, накіраванымі супраць кітайскіх кампаніяў і працаўнікоў, наўпрост звязаныя з патураннем з боку В’етнаму антыкітайскім сілам і парушальнікам закону на сваёй тэрыторыі».

Тым часам в’етнамскі флот працягвае спробы прабіцца да глыбакаводнай буравой вышкі, якую кітайцы ўсталявалі 2 траўня ў акваторыі, што В’етнам лічыць сваёй. Нафтавую платформу ахоўваюць каля 80 кітайскіх караблёў, якія раней расчысцілі ёй шлях да нафтавага блоку № 140 на в’етнамскім шэльфе, пратараніўшы катар берагавой аховы В’етнаму. Цяпер да зоны напружання падцягнулася каля 40 в’етнамскіх суднаў.

НГУЕН ВАН ХУНГ, КАПІТАН ФЛАГМАНА В’ЕТНАМСКАЙ БЕРАГАВОЙ АХОВЫ:
«Мы настроеныя рашуча выканаць наш абавязак, які заключаецца ў тым, каб абараняць в’етнамскія адмысловыя эканамічныя зоны і тэрыторыі ды перадухіляць парушэнні з боку замежных сілаў, асабліва кітайскіх».

Зона, у якой адбываецца марская спрэчка, належыць да 12-мілевай акваторыі, прылеглай да тэрыторыі В’етнаму, а значыць, паводле марской канвенцыі ААН, належыць Ханою. Кітай, аднак, прэтэндуе на ўсю тэрыторыю багатага вуглевадародамі мора. Паводле Пекіну, усё яно належыць да акваторыі раскіданых па моры дробных ненаселеных выспаў, за якія КНР спрачаецца з прылеглымі краінамі. Да апошняга часу спрэчка ішла праз дыпламатычныя каналы, але пасля крымскага прэцэдэнту Кітай пачаў захопліваць спрэчныя тэрыторыі, пасля чаго заклікае пакрыўджаны бок «змірыцца з рэальнасцю».

Станіслаў Івашкевіч, «Аб’ектыў», belsat.eu
https://youtu.be/Yd-i2BDkXU4

Глядзі таксама
Каментары