Данецк «аб’ядае» Украіну і «хоча» незалежнасці


Міністр фінансаў Украіны зняпраўджвае міф пра эканамічную самастойнасць Луганскай і Данецкай абласцей, якія правялі гэтак званыя рэферэндумы ў пытанні тэрытарыяльнай самастойнасці рэгіёнаў.

Кіраўнік украінскага Мінфіну Аляксандр Шалак падчас сённяшняга брыфінгу звярнуў увагу на фінансавую самастойнасць Луганскай і Данецкай абласцей. «Гэта для тых, хто кажа, што Данецк корміць Украіну», – сказаў міністр.

Шалак выказаў занепакоенасць тым фактам, што фінансавая самастойнасць рэгіёну ў апошнія 5 гадоў зніжалася. Гэтак, у 2011 годзе Данецкая вобласць зарабіла 54 % свайго гадавога бюджэту, у 2012 годзе – 50,4 %, у 2013 годзе – 39,8 %. Міністр адзначыў , што сітуацыя з Луганскай вобласцю крыху лепшая.

У 2013 годзе яна склала 44,1 % агульнага гадавога бюджэту, аднак зніжэнне паказніку за апошнія гады тут таксама назіраецца (у 2011 годзе – 53,3 %, у 2012 годзе – 47,2 %, у 2013-ым – 44,1 %).

Сацыяльныя выплаты ў гэтых абласцях, паводле міністра, пераважна ажыццяўляюцца ў поўным аб’ёме.

Як паведамлялася, учора 11 траўня ў Данецкай і Луганскай абласцях прайшлі рэферэндумы, прызначаныя сепаратыстамі, на якіх паставілі пытанне аб статусе рэгіёнаў. Сепаратысты сцвярджаюць, што яўка ў гэтых абласцях склала 74–81%. На Луганшчыне за незалежнасць нібыта прагаласавалі да 98 %, у Данецкай вобласці – каля 90 %. Лічбы фантастычныя, заяўляюць у Кіеве. Кіеўскія ўлады, як і краіны Захаду, заявілі, што гэта псеўдарэферэндум фарс і яго не прызнаюць. Беларускі МЗС пакуль не каментуе вынікаў гэтых рэферэндумаў.

ЮВ, belsat.eu, pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары