Забралі аўта ў кіроўцы, які нелегальна падвёз пасажыра за Br 10 тыс.


Жыхар Ваўкавыскага раёну часам падвозіў людзей за грошы. Апошнім разам мужчына атрымаў ад пасажыра толькі Br 10 тыс., а ў выніку застаўся без аўтамабіля і мусіць заплаціць штраф.

Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці разгледзеў справу аб адміністратыўным правапарушэнні ў дачыненні жыхара паселішча гарадскога тыпу Рось Ваўкавыскага раёну. Раней ён ужо тройчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за нелегальную перавозку пасажыраў. Гэткі ўчынак ён здзейсніў апошні раз сёлета ў сакавіку і прыняў у якасці аплаты за праезд Br 10 тыс., паведамілі ў Вярхоўным судзе Беларусі.

У судовым паседжанні беларус цалкам прызнаў віну ў тым, што ажыццяўляў «прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі» (1-1 арт. 12.7 КоАП).

Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці пакараў мужчыну штрафам памерам Br 2 млн 250 тыс. і канфіскацыяй аўтамабіля. На аўтамабіль нелегальнага кіроўцы – «Мазду 626» 1989 года выпуску – ужо наклалі арышт.

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, у 2013 годзе аўтамабілі сканфіскавалі ў чатырох справах, звязаных з нелегальным возніцтвам, – на агульную суму Br 267 млн. Паводле адной справы спагналі кошт аўтамабіля памерам Br 54 млн у сувязі з тым, што транспартавы сродак не быў уласнасцю правапарушальніка.

З усіх сканфіскаваных аўтамабіляў у 50 % выпадках іх уладальнікі жылі ў Ваўкавыскім раёне Гарадзенскай вобласці.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары