Толькі 33% дэпутатаў ведае, калі ў іх маюць адбывацца абавязковыя сустрэчы з выбарнікамі


Кампанія “Гавары праўду” шукае народных абраннікаў, што сумленна выконваюць свае абавязкі. Актывісты даслалі дэпутатам лісты з пытаннямі. Прыйшло… толькі тры адказы. Хто ж засядае ў ніжняй палаце парламенту?

{movie}Дэпутаты-страйкоўцы |right|16269{/movie}

Мэры, губернатары, суддзі, ды іншыя чыноўнікі – усе яны прызначэнцы. У Беларусі грамадзяне акрамя кіраўніка краіны абіраюць толькі дэпутатаў мясцовых саветаў і Палаты прадстаўнікоў. Таксама і каб ісці да іх са сваймІ праблемамі. Аднак ці ведаюць беларусы, што маюць гэткае права?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Я і не ведаў, што ў нас дэпутаты ёсць”.
“Не хацеў і не хачу ведаць увогуле. І не прымаў ніякага ўдзелу ў галасаванні”.
“Я не веру проста, я не веру дэпутатам – яны нічога не вырашаюць”.
“Увогуле не цікавімся гэтым. Як усё ёсць, хай гэтак яно і будзе”.

Выбарнікі сваймі абранцамі не цікавяцца, дый большасць дэпутатаў самыя не ведаюць графіку прыёму грамадзянаў. Магчыма, такая сітуацыя пакідае больш часу на заканатворчую працу?

УЛАДЗІМІР НАВАСЯД, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ:
“За мінулыя 14 гадоў толькі адзін законапраект быў распрацаваны і прапанаваны дэпутатам на разгляд Палаты прадстаўнікоў – гэта быў Закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе, які тады падрыхтавала ліберальная моладзевая арганізацыя “Грамадзянскі форум”. Усе іншыя законапраекты проста апрыёры галасуюцца: яны прыходзяць з ураду і з калідораў Адміністрацыі прэзідэнта”.

Асабіста сустрэцца з дэпутатамі збіраюцца актывісты кампаніі “Гавары праўду”. Пасля – распавесці выбарнікам і пра тых, хто не знойдзе часу на спатканне з грамадзянамі. Таксама ў кампаніі прапаноўваюць стварыць на старонцы Палаты прадстаўнікоў адмысловую закладку з графікам сустрэчаў дэпутатаў з выбарнікамі. Бо пакуль праца айчыннага парламенту нагадвае страйк.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, АКТЫВІСТКА КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:
“Тое, што яны не працуюць, тое, што большасць з іх не праводзіць сустрэчаў, мы не ведаем, дзе яны, – гэта і ёсць страйк”.

А пакуль большасць дэпутатаў страйкуе ў парламенце, выбарнікі байкатуюць іх і ў штодзённым жыцці. Бо ісці на прыём да тых, хто толькі цісне на кнопкі, беларусы наўрад ці захочуць, нават калі б ведалі графік прыёму.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў