Ідэолагі ламаюць галовы над «Расейскім маршам» і пытаннямі ад «Гавары праўду»


Лёс шэсця расейскіх заўзятараў па вуліцах Менску будуць вырашаць МУС ды ідэолагі Менгарвыканкаму. Заявіў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле чыноўніка, на любое шэсце мусіць быць дазвол ад міліцыі ды ідэалагічнага ўпраўлення Менгарвыканкаму. Пры гэтым акцыя не павінная перашкаджаць бяспецы і перамяшчэнню грамадзянаў па горадзе.

Некалькі дзён таму стала вядома, што заўзятары зборнай Расеі па хакеі, якія прыедуць у беларускую сталіцу, каб паглядзець на гульні чэмпіянату свету па хакеі, хочуць шэсцем адзначыць Дзень Перамогі у Менску.

Сёлета прэзідэнт клубу расейскіх заўзятараў «Russia Unites» Эдуард Латыпаў заявіў, што заўзятары плануюць прайсці калонаю па вуліцах беларускай сталіцы.

Навіна пра правядзенне маршу атрымала негатыўны рэзананс у Беларусі. У сувязі з чым 30 красавіка сайт клубу «Russia Unites» апублікаваў каментар Латыпава, што ніякага «Расейскага маршу» ў Менску 9 траўня не будзе. Разам з тым, дадаў ён, у расейскіх заўзятараў ёсць дамоўленасць з уладамі Менску, што яны возьмуць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі.

«Для ўсіх грамадзянаў Расеі святы абавязак 9 траўня аддаць даніну памяці ды павагі подзвігу савецкіх салдат. І зусім лагічна, што, аказаўшыся ў іншай краіне, расейскія заўзятары таксама захочуць ускласці вянкі да помнікаў героям. Тым больш што ў Беларусі, як і ў Расеі, Дзень Перамогі – дзяржаўнае свята. Нашая ідэя – сабраць расейскіх заўзятараў разам, каб цэнтралізавана ўзяць удзел у тых мерапрыемствах, якія запланаваныя ўладамі Беларусі», – адзначыў у сваёй заяве Эдуард Латыпаў.

У сваю чаргу прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» 2 траўня перадалі ў Менгарвыканкам зварот, у якім яны просяць не дапусціць, каб расейскія хакейныя заўзятары ладзілі палітычныя акцыі ў Менску.

«Верагодна, тут мы будзем саюзнікамі гарадскіх уладаў, – выказаў меркаванне у каментары БелаПАНу актывіст «Гавары праўду» Сяргей Вазняк. – Не думаю, што яны ў захапленні ад гэтых ідэяў, чутак пра магчымае правядзенне хакейнымі фанатамі публічных вулічных мерапрыемстваў. Тым больш, што, паводле нашых законаў, замежныя грамадзяне не могуць быць арганізатарамі масавых палітычных акцыяў. Арганізатарамі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі, якія жывуць у краіне».

У звароце «Гавары праўду» таксама ўтрымліваюцца тры нялёгкія для чыноўнікаў Менгарвыканкаму пытанні:

– ці падавалася ва ўстаноўленыя беларускім заканадаўствам тэрміны заяўка на правядзенне заўзятарамі масавага мерапрыемства;

– як суадносіцца магчымасць правядзення акцыі заўзятарамі з адмовамі ў правядзенні вулічных акцыяў беларускім грамадзянам;

– ці не лічыць гарвыканкам, што правядзенне акцыі можа прывесці да дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча ў кантэксце расейска-ўкраінскага канфлікту.

Традыцыйнае ж шэсце ў гонар Дня Перамогі распачнецца ў Менску а 10:00 на праспекце Незалежнасці ды скончыцца ўскладаннем кветак і вянкоў да манументу Перамогі.

Шэсце стартуе ад скрыжавання праспекту Незалежнасці ды вул. Янкі Купалы.

ЮВ, belsat.eu, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары