«Зялёныя чалавечкі» бягуць са Славянску? (Відэа)


Украінскія сілавікі цалкам заблакавалі выезды са Славянску і распачалі штурм пазіцыяў сепаратыстаў. Баевікам удалося збіць два вайсковых верталёты, паводле некаторых паведамленняў – тры. У палон да сепаратыстаў трапіў пілот.

«Ідзе сапраўдны бой»

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны паведаміла зранку пра пачатак актыўнай фазы антытэрарыстычнай аперацыі ды пра першыя поспехі. Сілавікі ўзялі пад кантроль дзевяць блокпастоў.

«Супраць украінскіх спецпадраздзяленняў тэрарысты адкрылі агонь з выкарыстаннем цяжкага ўзбраення, у тым ліку гранатамётаў і пераносных зенітных комплексаў. Ёсць загінулы лётчык і параненыя. Ідзе сапраўдны бой з прафесійнымі наймітамі. Тэрарысты не грэбуюць адкрываць агонь, хаваючыся за спінамі мірных жыхароў Славянску – страляюць з вокнаў жылых дамоў, бо ведаюць загад не адкрываць агню, які б пагражаў жылым аб’ектам», – паведаміў міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў, які, паводле МУС, «перабывае на месцы падзеяў».

Міністр унутраных справаў звярнуўся да жыхароў Славянску з просьбаю не выходзіць на вуліцу, устрымацца ад паездак па горадзе.

Расейскія медыі са спасылкаю на сепаратыстаў паведамляюць, што ля Славянску збілі тры верталёты. Апублікаванае відэа, на якім параненага пілота дастаўляюць у штаб сепаратыстаў. Лекары аказалі яму медычную дапамогу.

{movie}Паранены ўкраінскі пілот у Славянску|right|16220{/movie}

Адзін з баевікоў сцвярджае, што ўкраінскія вайскоўцы кінулі пілота на полі бою, хоць мелі магчымасць забраць яго.

«Зялёныя чалавечкі» ўцякуць?

Украінская група «Інфармацыйны супраціў», спасылаючыся на ўласныя аператыўныя звесткі, паведамляе, што сепаратысты забіраюць у мясцовых жыхароў аўты. «Ёсць падазрэнне, што тэрарысты спрабуюць вырвацца на іх з заблакаванага гораду, – паведамляе «ІС», – з’явілася інфармацыя пра тое, што расейскія дыверсанты, якія ёсць «ядром» тэрарыстычных сілаў, маюць намер прабівацца да мяжы з Расеяй. Мясцовыя сепаратысты ў такім выпадку будуць развязваць свае праблемы самастойна».

{movie}Сепаратысты чакаюць штурму|right|16221{/movie}

Некаторыя сепаратысты настроеныя рашуча. «Не будзе аўтамата, буду абараняцца рукамі, душыць іх, гадаў, каб на маёй зямлі не рабілі ўсялякіх паскдстваў, каб нацызм не прайшоў на гэтай зямлі», – сказаў адзін з узброеных прарасейскіх баевікоў на блокпасце ля Славянску.

Расейскія медыі паведамляюць пра вулічныя баі ў горадзе, аднак сусветныя медыі, што маюць сваіх карэспандэнтаў у Славянску, не пацвярджаюць гэтай інфармацыі.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu


https://youtu.be/hR6sY_837Rc

Глядзі таксама
Каментары