У Менску зладзілі «Чарнобыльскі шлях» (фотарэпартаж, відэа)


Чарговую гадавіну найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначыла традыцыйным шэсцем.

{movie}«Чарнобыльскі шлях-2014» |right|16140{/movie}

Удзельнікі акцыі сабраліся на пляцоўцы перад кінатэатрам “Кастрычнік” з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі партый і грамадскіх арганізацый, а таксама транспарантамі з лозунгамі “За незалежную Беларусь”, “Чарнобыль наш боль. Мы памятаем”, “Не АЭС”, “Свабоду палітвязню Яўгену Васьковiчу” і іншымі.

Калона маніфестантаў колькасцю каля 500 чалавек накіравалася па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе прайшоў невялікі мітынг. К яго пачатку каля сцэны ў парку знаходзілася прыкладна сотня чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў размясціліся за металічнымі агароджамі і не праходзілі праз кантрольна-прапускныя пункты.

На мітынгу выступілі актывіст антыядзернага руху прафесар Георгій Лепін, лідар БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

Прысутныя прынялі рэзалюцыю пад назвай “Не атамнай пагрозе! Не дадзім свой край, краіну, планету зрабіць новым Чарнобылем!”. Завяршылася акцыя малітвай у памяць аб ахвярах Чарнобыля, якую зачытаў святар Беларускай аўтакефальнай царквы.

Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС выбухнуў 26 красавіка 1986 года. Нягледзячы на тое, што станцыя размешчаная ва Украіне, каля гораду Прыпяць, больш як 70 % радыенуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў аварыі пацярпелі прыблізна 2 млн жыхароў краіны, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выведзеныя 2,64 млн кв. км сельгасугоддзяў.

Паводле звестак МНС, праз 28 гадоў пасля аварыі плошча забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў Беларусі зменшылася ў 1,6 разу – да 30 тыс. кв. км радыеактыўнага забруджання. Забруджаныя тэрыторыі застаюцца ў 57 адміністрацыйных раёнах краіны, дзе месцяцца 2 тыс. 393 паселішчы з насельніцтвам 1,142 млн чалавек.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў