Як песня «Ляпісаў» стала калыханкаю. Вынікі конкурсу і разыгранкі «Белсату»


Хто атрымае спадарожнікавую талерку, з дапамогаю якой зможа глядзець «Белсат», а каму дастануцца дыскі «Ляпіса Трубяцкога» з аўтографамі ўдзельнікаў гурта? А якая песня найбольш папулярная сярод прыхільнікаў «Белсату»?

Абсалютным пераможцам і лідарам гіт-параду нашых гледачоў і чытачоў у інтэрнэце стала песня «Грай» – за яе прагаласавалі 44 асобы са 122.

Сярод тых, хто згадаў гэтую кампазіцыю, мы зрабілі разыгранку, па выніках якой спадарожнікавыя талеркі з усталяваннем дастаюцца 2 асобам:

Уладзіславу Сабалеўскаму – сярод карыстальнікаў «УКантакце».

Руслану Равяку – сярод карыстальнікаў «Фэйсбуку».

Відэа з песняй “Ляпіса Трубяцкога” “Грай”, якая набрала найбольш галасоў прыхільнікаў “Белсату”: {movie}Відэа з песняй “Ляпіса Трубяцкога” “Грай”, якую прыхільнікі “Белсату” назвалі найлепшаю|right|16138{/movie}

5 кружэлак з аўтографамі музыкаў «Ляпіса Трубяцкага» дастаюцца аўтарам найлепшых каментароў, прысвечаных улюбёным песням гурта. Найбольш цікавыя допісы абіралі ў рэдакцыйным журы!

Сярод пераможцаў:

Ксанка Нікрашэвіч з ейным аповедам пра тое, як песня гурта стала найлепшаю калыханкаю для ейнай дачушкі: «Я з «Ляпісамі» з 2007 года, ведаю ўсе іхныя песні, хадзіла на канцэрты. Потым мы хадзілі разам з мужам. А зараз я ўжо год як мама. Калі мая малая была зусім маленькая, яна моцна плакала і крычала так, як гэта робяць усе немаўляты. Я спрабавала ўсё, каб яе суцішыць, а калі дайшла да адчаю, то чамусьці стала спяваць «Грай». Дачушка прыціхла і супакоілася. З тых часоў гэта наша любімая калыханка. Хто б мог падумаць, праўда?»

Вольга Рамнёва з аповедам пра веру ў сябе: «Была складаная цяжарнасць двайнятамі, а ў сілу абставінаў я пераносіла яе адна. Ратавала сваю веру ў сябе песняю «Я веру» ў тым ліку. А хлапчук з кліпу вельмі нагадвае майго старэйшага сына. А цяпер іх у мяне трое!»

Караліна Ігнацюк і ейны аповед пра зорачкі: «Зорачкі»! Гэту песню чулі хіба што ўсе, хто жыве ля маршруту Бельск Падляскі–Гайнаўка, пра што ўжо мы паклапаціліся ў адну зорную ноч, едучы з адкрытымі вокнамі ды спяваючы на ўвесь голас дыскаграфію «Ляпіса» (асабліва атрымлівалася таксама песні «Евпатория» і «Грай»). Дарэчы, «Зорачкі», толькі на польскай мове, прагучалі на прыпынках гарадзенскіх тралейбусаў у час адной паездкі – на радасць мінакоў мы перакладалі на хаду і вось як забаўна атрымлівалася: «Gwiazdeczki, to moje mamusie w złotych koszulinach, gwiazdeczki, tato – droga mleczna».

Аляксандра Жылко з аповедам пра дарастанне з «Ляпісамі» на фоне: «Усё пачыналася з тых часоў, калі яшчэ пад стол пешшу хадзіла. У хатняй калекцыі дыскаў і касет знайшла ружовы дыск з дзядзькам са смешнымі вусамі на вокладцы. Як аказалася, гэта быў дыск «Ляпісаў». Тады песня «Ау», вядома ж, была ўлюбёная. Першыя некалькі акордаў на гітары – песні «Я веру» і «Шут». Потым, паступіўшы ў адну замежную вучэльню, дзе да нас ставіліся не як да людзей, я зразумела, што мой (і не толькі) гімн – «Не быць скотам». Песня і да сённяшняга дня застаецца маёй самаю ўлюбёнаю».

Дзмітрый Валадзько і аповед пра твар дэкана геафаку: «Песня «Грай» – нейкая яна самая моцная. Аднойчы з сяброўкаю спявалі яе на выпускным геафаку… перад дэканам… было дзіўна бачыць ягоны твар. Пасля таго іншы колер у «Грай».

ВІНШУЕМ ПЕРАМОЖЦАЎ! І просім даслаць на наш імэйл belsat.eu@gmail.com свае кантактныя звесткі!

Відэа разыгранкі: {movie}Відэа разыгранкі “Белсату”|right|16137{/movie}

belsat.eu

Стужка навінаў