У Адэсе затрымалі правакатараў, якія планавалі 9-га траўня біць ветэранаў на замову каналу з Расеі


Удзельнікі экстрэмісцкай групоўкі распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы, скіраваныя на гвалтоўную змену або зрынанне канстытуцыйнага ладу ці захоп дзяржаўнай улады, паведамляе прэс-служба СБУ.



Служба бяспекі Украіны паведамляе, што лідар злачыннай групоўкі «Бор», 35-гадовы адэсіт, які доўгі час жыў у Крыме, распрацаваў і размясціў у інтэрнэце дапаможнік «План перахопу ўлады» з канкрэтнымі рэкамендацыямі збройнага супраціву дзейным уладам.

СБУ высветліла, што ўдзельнікі гэтай экстрэмісцкай групоўкі фактычна дзеялі на замову аднаго з расейскіх тэлеканалаў, атрымліваючы матэрыяльнае ўзнагароджанне за кожную акцыю – стварэнне неабходнай расейскім тэлевізійнікам «карцінкі».

Удзельнікі групы ажыццяўлялі рознага кшталту правакацыйныя акцыі ды экстрэмісцкія дзеянні, давалі метадычныя рэкамендацыі адносна вырабу кактэйляў Молатава. Акрамя гэтага яны запалохвалі грамадзянаў, якія падтрымлівалі дзейнасць Еўрамайдану, падпальвалі офісныя памяшканні, прыватныя дамы, кватэры, аўтамабілі, крамы.

Удзельнікі групы выкарыстоўвалі розныя метады канспірацыі: фальшывыя дзяржаўныя аўтамабільныя нумары, умоўныя сігналы, маскі-балаклавы і г.д.

Уначы на 20 красавіка група ажыццявіла спробу падпалу аднаго з адэскіх супермаркетаў.

СБУ ўсталявала, што зламыснікі планавалі зладзіць у Адэсе правакацыі на 9 траўня. Яны збіраліся «цынічна тэрарызаваць» ветэранаў, абвінаваціўшы потым у гвалтоўных дзеяннях праўкраінскія сілы.

25 красавіка супрацоўнікі СБУ затрымалі 5 удзельнікаў гэтай злачыннай групы падчас спробы падпалу кактэйлямі Молатава офісу аднаго з аддзяленняў «ПриватБанку».

Падчас агляду аўтамабіля затрыманых канфіскавалі агнявую зброю з патронамі, рэшткі запальнай сумесі ды відэакамеры, на якія зламыснікі фіксавалі свае супрацьпраўныя дзеянні, відавочна, для справаздачы.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў