Я вам не скажу за ўсю Адэсу. «Украіна – адно цэлае. Як я магу не перажываць?!»


Гэта серыя інтэрв’ю з адэсітамі пра ўкраінскія падзеі. Першая суразмоўца – Таццяна, жыве і працуе на курорце Коблева, непадалёк Адэсы.


«Давайце я пайду хоць бульбу чысціць»

– Ці тут адчуваюцца неспакойныя водгаласы з Усходняе Украіны?

– Мой мужык – такі патрыёт, усё баіцца, што вайна. Я яму кажу: «Супакойся, нічога не будзе». Там Данецк яны не могуць падзяліць, каму, а тут наўрад ці што будзе. Ён хацеў паехаць туды, але цяпер фінансава цяжка. У нас свой малы бізнес. Але тыя грошы, што ёсць, ідуць ці на машыну, ці на ежу. Ён вельмі хацеў паехаць, яшчэ на Майдан у Кіеў… А цяпер праз тэлефон дасылае ім грошы. Патэлефануеш – і адразу здымаюць 5 грыўняў на дапамогу вайскоўцам. Ён хадзіў туды, дзе прымаюць вайскоўцаў. Але ён ужо стараваты – за сорак, яму нельга, такіх не бяруць. Ён бы з задавальненнем, гаворыць: «Давайце я пайду хоць бульбу чысціць» – такі патрыёт. А сам ён з Закарпацця.

– Ці вы на штодзень размаўляеце па-ўкраінску?

– Не, я на суржыку, у нас так кажуць, то бок карані ў мяне і расейскія, і ўкраінскія. А вось мой мужык па-ўкраінску размаўляе, часам я яго нават не разумею. Калі толькі з ім пазнаёмілася, ён гаворыць: «Хадзем, ватру запалім». Аказалася, што гэта агонь. Смяяўся: «Што, цябе ў школе не навучылі?»

– А з чаго вы тут жывяце?

– Здаём пакоі на лета. Муж ездзіць на заробкі на зіму, увесну прыязджае.

– Ці вы перажываеце за падзеі ў Крыме?

– Там нашыя браты і сёстры, у сэнсе, што Украіна – адно цэлае. Як я магу не перажываць?! Мы дапамагалі хлопцам, што з БТРамі да ліману пад’ехалі. Мы з мужам завезлі ім 10 кілаграмаў яблык. Чым можам, тым і дапамагаем.

– Усе гэтак робяць?

– Усе. Паглядзіце, калі было тое ў Крыме, то людзі з Кіева ехалі, 50 машынаў сабралася – і цыгарэты, і тапкі, і ежа: закаткі, сала, мяса… Шмат адкуль вязуць.

Нармальны прэзідэнт глядзіць людзям у вочы

– А як вы ставіцеся да Януковіча?

– Не! Гэта не чалавек, не…

– Як сталася, што ён прыйшоў да ўлады?

– Гэта ўсё праз «асадку-невідзімку». Дапусцім, я і вы прагаласавалі за Цімашэнку, а тое, што вы напісалі «асадкай-невідзімкаю», знікла. Большасць была за Юлю. А Януковіч і цяпер не хоча сыходзіць са свайго крэсла. Сядзіць у Расеі, баіцца прыехаць. Усё гаворыць тое, што яму кажа Пуцін. Нармальны прэзідэнт глядзіць людзям у вочы. А ён чытае і гаворыць, чытае і гаворыць. Яму падказваюць, а ён гаворыць. А да Парашэнкі ў мяне падазрэнні. Людзі, што стаяць на Майдане, кажуць, што ўлада, якую цяпер узялі, не надта рухавая.

Беларусы – тыя ж украінцы

– На вашую думку, Майдан быў патрэбны?

– Вядома! Яны паказалі людзям, у якім багацці жывуць наш прэзідэнт, пракурор і астатнія, каб людзі, якія выбіралі гэтага прэзідэнта, задумаліся, дзе іхныя зарплаты і пенсіі. Адзін ягоны пакой каштуе два ці тры мільёны. Мы другі паверх не можам дабудаваць, а ў яго ўнітазы залатыя… Майданаўцы паміраюць, але свайго дамагаюцца. А Януковіч – не каб спыніць гэта ўсё… Гэтую сотню, якая памерла, можна было ўратаваць.

– А калі гэта патрэбна было зрабіць?

– За тры дні, як толькі яны сталі, усё можна было развязаць, выслухаць людзей. І чаму, як толькі ён сабраўся падпісаць дакументы з ЕЗ, штосьці яму зашкодзіла падпісаць? Мы і ў нашай краіне можам зрабіць Еўропу, нам патрэбна, каб нашая мытня ды іншыя ўстановы былі без хабарнікаў. Мой мужык перавозіў машыну, і даў за гэта больш, чым кошт самой машыны. Мы хочам свабодна ездзіць. Еўразвяз – гэта амаль нашыя родныя. Людзі ў першы дзень сталі за гэта. А цяпер неспакойна ў Днепрапятроўску, Данецку, Харкаве, а ў нас – не, тут больш патрыётаў.

– Як думаеце, ці ў Беларусі будзе тое самае налета?

– Я мала ведаю беларусаў. У папярэднія гады да нас прыязджалі беларусы адпачываць. Яны мне падаліся вельмі добрымі. Але я не ведаю, што гэта за краіна такая, як яна выглядае. Яны запрашалі нас у госці, я б паехала. Такое адчуванне, што яны таксама ўкраінцы.

Гутарыў Антось Міхайлюк, belsat.eu

Стужка навінаў