На ўсходзе Украіны працягваюць знікаць журналісты


Журналісты працягваюць трапляць у палон сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. Апошнім «палічаным» зніклым журналістам лічыцца пазаштатны працаўнік выдання «Окна» Яўгенія Гапіча.

Ён выйграў грант на серыю рэпартажаў і вандраваў разам з братам па Данбасе, адкуль рэгулярна дасылаў матэрыялы. Ужо больш за суткі ад мужчынаў няма звестак. Перад тым, як сувязь абарвалася, брат журналіста патэлефанаваў родным і сказаў ім кодавае слова, якое азначае небяспеку.

За апошнія дзевяць дзён у Данбасе ў палон узялі сямёх журналістаў. Сляды большасці згубіліся ў Славянску.

13 красавіка з уласнага дому невядомыя выкралі грамадскага журналіста Арцёма Дэйнэгу, які здымаў захоп тэрарыстамі славянскага аддзялення СБУ.

У той жа дзень прарасейскія сепаратысты затрымалі ўкраінскую журналістку Ірму Крат. Сябры мясцовага атраду самаабароны абвінавачваюць яе ў катаваннях міліцыянтаў і антымайданаўцаў падчас пратэстаў у Кіеве, што прывялі да зрынання Януковіча.

16 красавіка знік журналіст, назіральнік фонду «Адкрыты дыялог» Сяргей Лефтэр. Інфармацыі пра ягонае месцазнаходжанне няма. Мясцовыя журналісты выказваюць здагадкі, што яго могуць утрымліваць у захопленым будынку славянскага СБУ.

21 красавіка затрымалі дваіх італьянскіх фатографаў – Паўлё Гога, Касіма Атаназьё, а таксама беларускага журналіста газеты «Новы час» Змітра Галко, які назваў Славянск «Бермудскім трыкутнікам». Усіх іх адпусцілі.

У закладніках застаецца амерыканскі журналіст выдання Vice Сайман Астроўскі, якога выкралі 22 сакавіка. Апалчэнцы ўтрымліваюць яго ў будынку СБУ Славянску. Паводле «народнага мэра» Славянску Вячаслава Панамарова, баевікі не збіраюцца адпускаць амерыканскага журналіста, бо ім «патрэбныя палонныя і патрэбная «разменная манета». Баевікі абвінавачваюць журналіста ў «шкоднай дзейнасці» і тым, што ў яго двайное грамадзянства – ЗША ды Ізраілю.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў