Правал амбітнай жыллёвай праграмы. Ці пойдуць кошты на кватэры ўгару?


Будаўнічая галіна апынулася ў найгоршым стане за апошнія 10 гадоў. Банкі не крэдытуюць будаўніцтва, сваіх грошай на набыццё кватэраў у насельніцтва няма.

Песімістычны план

У 2014 годзе ўрад плануе увесці ў эксплуатацыю 5 млн кв. м. жылля. Гэта – скарэктаваная лічба, бо леташняга плану пабудаваць 6,5 млн кв. м. не выканалі. Сёлетні план – яшчэ меншы за тое, чаго ўдалося сягнуць будаўнічай галіне ў 2013 годзе.

Пры прагназаванні аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва на 2013 год урад зыходзіў з таго, што асноўнаю крыніцаю фінансавання жылля стануць сродкі насельніцтва, аднак гэтага не адбылося.

Вынікі сакавіцкага апытання кіраўнікоў будаўнічых арганізацыяў, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Міністэрства эканомікі, паказалі, што каэфіцыент загрузкі магутнасцяў у будаўніцтве знізіўся да мінімуму за апошнія 10 гадоў. Вытворчыя магутнасці будаўнічай галіны цяпер загружаны троху больш як на палову. «Гэта самы нізкі ўзровень такога паказніку, зафіксаваны за ўвесь час назіранняў (з 2003 года)», – гаворыцца ў справаздачы Мінэканомікі.

Пры прагназаванні аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва на 2013 год урад зыходзіў з таго, што асноўнаю крыніцаю фінансавання жылля стануць сродкі насельніцтва, аднак гэтага не адбылося. На думку экспертаў, зніжэнне задання ўвядзення жылля ў 2014 годзе абумоўленае бракам сродкаў для рэалізацыі жыллёвай праграмы.

У выніку ў першым квартале ў Беларусі збудавалі 15,6 тыс. новых кватэраў. Гэта акурат чвэрць гадавога плану, праўда, песімістычнага, паводле якога аб’ёмы будаўніцтва ў Беларусі маюць скараціцца.

Менш крэдытаў на жытло

У студзені–лютым гэтага года аб’ём крэдытавання жыллёвага будаўніцтва скараціўся на 36,1 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага банку.

«Аб’ём крэдытаў на будаўніцтва і набыццё жытла знізіўся на 36,1 % у супастаўных коштах. На долю крэдытных рэсурсаў, выдадзеных паводле льготных адсоткавых ставак двума банкамі ААТ «ААБ Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк», прыпадала 91,9 % усіх крэдытаў у жыллёвае будаўніцтва», – гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацбанку.

Ці чакаць росту коштаў?

Змяншэнне аб’ёмаў будаўніцтва і ўводу новага жылля яшчэ не азначае аўтаматычнага росту коштаў. Эксперты спецыялізаванага парталу Realt.by адзначаюць рост прапановаў на другасным рынку нерухомасці. У сакавіку цягам аднаго тыдня актуальнымі былі 6 тыс. прапановаў, гэтую лічбу эксперты называюць знакаваю. «Такое адбываецца нячаста – апошні раз столькі аб’яваў аб продажы кватэраў назіралі ў траўні 2012 года. Дарэчы, менавіта тады сярэдні кошт апусціўся да мінімальнага значэння за апошнія 7 гадоў», – піша рэсурс.

Аднак і значнага падзення коштаў таксама не прадбачыцца – нягледзячы на нізкі попыт, прадаўцы не спяшаюцца зніжаць кошты, бо і новых кватэраў будуюць усё менш. Таму Канцэпцыя дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, зацверджаная ў 2013 годзе, усё больш нагадвае ўтопію: паводле яе у 2015 годзе ў Беларусі маюць збудаваць 9,4 млн. кв. м. жытла. Гэта амаль удвая больш, чымся сёлетні план, выкананне якога застаецца пад пытаннем.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў