У Расею хацелі б 51,5 % беларусаў, калі б трэба было выбіраць між ёй і Еўропаю


У замежнапалітычных арыентацыях беларусаў тэндэнцыя пацяплення стаўлення да Еўропы і пахаладання да Расеі, якая назіралася апошнія гады, змяняецца на супрацьлеглую, паведамляе Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Вільня) пасля апошняга нацыянальнага апытання.

Падчас сацыялагічнага даследавання апыталі 1502 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3 %, падаюць адмыслоўцы.

Пры неабходнасці выбару на гіпатэтычным рэферэндуме паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем у Еўрапейскі звяз за першы варыянт сёння выказваюцца 51,5 % беларусаў, а за другі – 32,9 % (у снежні – 36,6 і 44,6 % адпаведна).



Калі б сёння праходзіў рэферэндум аб аб’яднанні Беларусі ды Расеі, за гэта прагаласавалі б 29,3 % апытаных беларусаў, супраць – 47,7 % (у снежні 2013 года – 23,9 % і 51,4 % адпаведна).

На рэферэндуме аб уступленні ў Еўрапейскі звяз – за прагаласавалі б 30,2 %, супраць – 44,3 % (у снежні – 35,9 % і 34,6 %).

Толькі 8,6 % апытаных паставіліся пазітыўна да «заклікаў некаторых палітыкаў у Беларусі і на Захадзе не праводзіць у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2014 года, калі да таго часу ў краіне не спыняцца парушэнні правоў чалавека». 47,9 % паставіліся да такіх заклікаў адмоўна, 39,3 % гэта абыякава.

63,8 % апытаных мяркуюць, што праз дзесяць гадоў Беларусь будзе бліжэйшая да Расеі, і толькі 19,2 % – што да Еўразвязу.

Галоўнай прычынаю такіх змяненняў у свядомасці беларусаў адмыслоўцы НІСЭПД лічаць падзеі ва Украіне.



МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў