З парома, які пачаў тануць ля ўзбярэжжа Карэі, выратавалі 179 чалавек (відэа)


Берагавая ахова Паўднёвай Карэі атрымала сігнал бедства з пасажырскага парома ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа краіны, на борце якога былі 476 асобаў.

Большасць пасажыраў судна – навучэнцы сярэдняй школы. Паром накіроўваўся з заходняга порту Інчхон у кірунку курортнага востраву Чэджу.

У выратавальнай аперацыі ўдзельнічаюць 34 судны, у тым ліку вайсковыя караблі, а таксама 18 верталётаў. Стала вядома, што прынамсі два пасажыры загінулі.

Мясцовыя ўлады пацвердзілі, што на гэты момант не менш за 179 чалавек паднялі на барты іншых судоў.

{movie}Крушэнне парома ля ўзбярэжжа Паўднёвай Карэі. 476 асобаў на борце |right|15924{/movie}

Моцны ўдар



Паведамляецца, што, калі паром пачаў тануць, пасажырам сказалі скакаць з судна ў ваду і чакаць, калі іх выратуюць. На відэакадрах з месца падзеяў відаць, як паром, заваліўшыся на бок, павольна апускаецца пад ваду.

Прычына крушэння парома да гэтага часу не ясная. Выказваюцца здагадкі, што ён першапачаткова сеў на плытчыню.

«Мы пачулі моцны глухі ўдар, пасля чаго судна спынілася, затым пачало хіліцца», – цытуе аповед аднаго з пасажыраў агенцтва «YTN».

Як паведамляе карэспандэнт Бі-Бі-Сі ў Сеуле, разгневаныя бацькі дзяцей, якія плылі на пароме, сабраліся ў школе, патрабуючы адказу на пытанне, чаму судна выйшла ў мора, праігнараваўшы паведамленні аб дрэнным надвор’і.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў