Антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны пачалася, туды рушыла нацыянальная гвардыя


Пра тое, што антытэрарыстычная аперацыя ў Данецкай вобласці пачалася, заявіў в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў. Раней пра гэта напісаў Дмытро Тымчук, дэрыктар Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў.

На перадавую рушыў першы батальён Нацыянальнай Гвардыі, сфармаваны з добраахвотнікаў Самаабароны Майдану. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Facebook» сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Парубій.

МУС Украіны паведамляе пра стварэнне атрадаў самаабароны у сямі абласцях: Данецкай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Луганскай, Адэскай, Харкаўскай і Херсонскай.

Сітуацыя ў Данецкай вобласці: агляд па захопленых гарадах

Тымчук пра антытэрарыстычную аперацыю

«У Данецкай вобласці сканцэнтраваны сілы і сродкі, неабходныя для правядзення антытэрарыстычнай аперацыі (АТА), указ аб правядзенні якой учора падпісаў в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў», – напісаў раніцаю на сваёй старонцы ў «Facebook» дырэктар Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў Дмытро Тымчук.

Паводле яго, кіраўніцтва АТА працуе ў раёне правядзення аперацыі ад учора. План яе вызначаны і пачаў рэалізоўвацца. «Падчас распрацоўкі плана была пастаўлена першачарговая задача пазбегнуць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Хоць улічваючы шырокае прыцягненне да акцый сепаратыстаў з мясцовага насельніцтва («ідэйных» і «купленых»), такіх гарантыяў даць немагчыма». На час правядзення аперацыі мабільную сувязь адключаць.

Дмытро Тымчук таксама цвердзіць, што лідары сепаратыстаў атрымалі ад сваіх расейскіх каардынатараў арыентацыю на паўтор «данецкага» сцэнару (у выпадку яго поспеху ) у суседніх рэгіёнах. І ўжо цяпер, паводле яго, групы экстрэмістаў спрабуюць парнікнуць з Данецкай ў суседнія вобласці. Гэтыя спробы спыняюцца мясцовымі праваахоўнікамі і сіламі мясцовай самаабароны, піша Дмытро Тымчук. Учора Дмытро Тымчук быў госцем наўпроставага эфіру студыі «Белсат».

Сёння раніцаю СМІ паведамлялі пра тое, што ў Данецкай вобласці з’явіліся танкі ды БТРы.

Тым часам на старонцы МЗС Украіны можна знайсці вось такі банер і спасылку на сайт, на якім збіраюцца сродкі для ўкраінскага войска.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў