STARавіны. Як на чужыне тужылі па каньяку


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Кажуць, без рэкламы сёння не прадасі і фігавага лістка… Але рэклама ў газетах стогадовай даўніны таксама была вельмі распаўсюджаная. Рэкламавалі ўсё, што можна: разнастайныя тавары, маёмасць, рэчы, працаўладкаванне, культурныя мерапрыемствы, адукацыйныя, медычныя і транспартавыя паслугі.

Усяго не пералічыць! Вазьміце сённяшнюю рэкламную газету і прачытайце яе рубрыкі – карціна былога рэкламнага жыцця будзе вельмі падобная.

Рэклама 1913 года была розная паводле тэкстаў, афармлення, стылю і формы падачы. Ёй нельга адмовіць у арыгінальнасці – віно «Сан Рафаэль» рэкамендавалі піць на лецішчы ў спякотны дзень, другі раз рэклама сцвярджала, што віно павысіць апетыт і адновіць здароўе (МВ, № 210, с. 3), а потым абвяшчалася, што «келіх віна засцерагае ад страўнікавага захворвання» (МВ, № 225, с. 4).

«Біямальц» – гэта ўніверсальны сродак, які дапамагае здароўю, акцэнтавала рэклама. Рэкламу «Біямальцу» з жалезам для «моцнамалакроўных» змяшчалі з партрэтам дзяўчынкі (МВ, № 263, с. 4); сродак з вапнаю для «дзяцей, якія пакутуюць на рахіт» дэманстравала дзяўчынка ў поўны рост (МВ, № 268, с. 3). Апроч гэтага, даводзілася, што «Біямальц» прыдасца для ўсіх нервовых і з хворым сэрцам (МВ, № 274, с. 6).

А вось прыклады цікавых тэкстаў. «Факт, а не рэклама, што папяросы «Парыж» фабрыкі «Меркурый» пераўзыходзяць сваёй якасцю, пахам і смакам усе іншыя папяросы», – напісалі ў рэкламе, змешчанай у «Могилёвском вестнике» (1913, № 225, с. 4). Ніжэй прыводзім урывак з «Ліста на радзіму», змешчанага ў газеце «Северо-Западная Жизнь» (1912, № 2., с. 1):

«…Вспомнился мне на чужбине

Шустовский, дивный коньяк!

Вышлите ж мне, ради Бога,

Этого вы коньяку:

В сердце затихнет тревога

Он мне рассеет тоску…

Снова в душе ощущу я

Радостный к жизни толчок…

Как о тебе здесь грущу я,

Шустовский мой коньячок!»

Прачытайце рэкламу ўсім вядомага нам сучаснага прадукту. «Что такое ягурт?» – пыталася рэклама. І адказвала: «На погляд прафесара Мечнікава, гэта – адзіны сродак пры запорах, бледнай немачы, малакроўі». Прадаваўся ёгурт у аптэцы ў выглядзе малака, карамелі, грыбкоў, аладак («Новости Белостока», 1913, № 22, с. 4).

Паглядзіце змешчаныя малюнкі – акуніцеся ў рэкламны свет стогадовай даўніны.

Заставайцеся з намі, а ўжо неўзабаве – іншыя STARавіны на нашай старонцы.

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў