Расея пагражае сарваць перамовы «чацвёркі» адносна Украіны


Расейскія ўлады заступіліся за сепаратыстаў на ўсходзе Украіны ды прыгразілі зрывам перамоваў «чацвёркі», калі Кіеў выканае ультыматум і скарыстае сілу супраць сепаратыстаў на ўсходзе краіны. Пра гэта заявіў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталій Чуркін.

Ён дадаў, што ў выпадку, калі сітуацыя ва Украіне пойдзе паводле горшага сцэнара, адказнасць за гэта будзе на 99 % ляжаць на сумленні заходніх краінаў.

Адпаведную заяву расейскі дыпламат зрабіў на экстранным паседжанні ААН наконт сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Ініцыятарам сустрэчы стала Расея. Паседжанне Рады бяспекі праходзіла ў адкрытым фармаце і мела дыскусійны характар.

Прадстаўнік Расеі, які калісьці падтрымаў Майдан, заклікаў Захад умяшацца ў сітуацыю і ўтрымаць дзейсныя ўлады краіны ад гвалту. Чуркін прызваў краіны Захаду і ЗША перастаць шукаць «руку Масквы» ў падзеях на паўднёвым усходзе Украіны ды зняпраўдзіў звесткі пра збіранне вайскоўцаў на мяжы з Украінай і ўдзел расейскіх агентаў у эскалацыі канфлікту.

Аднак пазіцыя Крамля не знайшла падтрымання ў чальцоў Рады бяспекі, якія выступілі з рэзкім асуджэннем дзеянняў Расеі адносна стаўлення да Украіны.

Пастаянны прадстаўнік ЗША Самэнта Паўэр заявіла, што падзеі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны «зрэжысаваныя Расеяй», а таксама абвінаваціла Маскву у трансляцыі прапаганды і хлусні.

Пра магчымасць выхаду з перамоваў адносна крызісу ва Украіне яшчэ 12 красавіка заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў. Крэмль патрабуе ўдзелу ў перамовах кандыдата на прэзідэнта Міхаіла Добкіна як прадстаўніка рэгіёнаў паўднёва-ўсходняй Украіны.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў