Янукевіч: Існуе праект вызначэння адзінага кандыдата


Апазіцыя актывізавала перамовы аб вылучэнні свайго адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года, паведаміў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на сойме арганізацыі 12 красавіка.

Паводле палітыка, існуе праект вызначэння такога кандыдата праз правядзенне кангрэсу дэмакратычных сілаў, аўтар якога – сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Янукевіч сказаў, што цяпер абмяркоўваюцца розныя варыянты вылучэння дэлегатаў ад розных арганізацыяў на кангрэс.

Палітык мяркуе, што на сёння ў дэмакратычных сілаў будзе рэсурс, каб сабраць подпісы за вылучэнне толькі двух кандыдатаў на прэзідэнта: «Хоць было б лепш, каб адзіны апазіцыйны кандыдат быў адзін. Нашыя намаганні мусяць быць скіраваныя на вызначэнне менавіта такога кандыдата».

У той жа час Янукевіч адзначыў, што апазіцыйны кандыдат на прэзідэнта мае прытрымлівацца «ясных геапалітычных поглядаў»: «Нельга дапусціць, каб такі кандыдат раіўся ў важных пытаннях з Расеяй, як пра гэта нядаўна заяўляў Лукашэнка».

Янукевіч мяркуе, што з кандыдатам на прэзідэнцкія выбары апазіцыі неабходна вызначыцца найбліжэйшым часам. Паводле яго, для Партыі БНФ гэта мае адбыцца да верасня, калі адбудзецца чарговы з’езд арганізацыі. Адзіны кандыдат на прэзідэнта ад апазіцыі мусіць прытрымлівацца ідэі адстойвання беларускай незалежнасці.

«У 2015 годзе на выбарах будзе вызначацца, хутчэй, не той, хто будзе кіраваць Беларуссю, а тое, адкуль гэта будзе адбывацца – з Менску ці Масквы. Сёння ступень залежнасці Лукашэнкі ад Расеі высокая, але рашэнні ён прымае ўсё ж самастойна. Але не факт, што гэтую самастойнасць ён захавае да наступных выбараў. Мы мусім імкнуцца да таго, каб беларускае грамадства было гатовае абараняць сваю незалежнасць», – заявіў старшыня Партыі БНФ.

Янукевіч таксама адзначыў, што «на сёння няма адназначна яркага прозвішча, фаварыта», для вылучэння якога адзіным кандыдатам на прэзідэнта была важная толькі працэдура. «Але без кандыдата нацыянал-дэмакратычныя сілы на выбарах 2015 года не застануцца», – мяркуе Янукевіч.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў