Шанцаў на ўваход у склад Расеі ў мяцежнага Данбасу амаль не засталося


За адзіную і непадзельную Украіну выказаўся нават адыёзны ўкраінскі палітык Добкін.

Сітуацыя ва Украіне – не прычына, а наступства доўгатэрміновага канфлікту Расеі з Захадам, які спрабуе абмежаваць уплыў Масквы.

Гэткае меркаванне кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Так гэта ці не, але развязваць трэба найперш украінскае пытанне. Напружанне на паўднёвым усходзе краіны застаецца. Падрабязнасці – у матэрыяле ад нашых карэспандэнтаў ў Данецку.

{movie}Шансаў на ўваход у склад Расеі ў мяцежнага Данбасу амаль не засталося |right|15842{/movie}

Імправізаваны памежны слуп стаўся сімвалам патрабаванняў пратэстоўцаў – тут, ля будынку Данецкай абласной адміністрацыі. Аднак выглядае, што шанцаў на ўваход у склад Расеі ў мяцежнага Данбасу амаль не засталося.



Прыбыўшы сёння ў Данецк, прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк заявіў пра шэраг крокаў, якія мусяць паспрыяць мірнаму развязанню канфлікту, але яшчэ раз заўважыў, што Данбас быў, ёсць і застанецца часткаю Украіны.

На пазіцыях тэрытарыяльнага адзінства Украіны стаіць і кандыдат ад Партыі рэгіёнаў Міхаіл Добкін. За што нават зазнаў гвалт з боку найбольш радыкальна настроеных прыхільнікаў яднання з Расеяй.

«Я меў гутарку з людзьмі, якія радыкальна настаўленыя і не бачаць для сябе іншага выйсця, апроч як далучэння да РФ. Разумеючы, што я выступаю за непадзельную Украіну, яны рознымі шляхамі спрабуюць абараняць сваё меркаванне. Сітуацыя, якая была ў Луганску, шмат у чым была звязаная з тым, што я адмовіўся выступаць на мітынгу з тымі тэзісамі, якія б яны добра ўспрымалі», – адзначыў Міхаіл Добкін.

Тым часам тэрмін ультыматуму, які далі данецкім мяцежнікам, – скончыўся. Ніякіх сілавых дзеянняў з боку праваахоўнікаў пакуль, аднак, не было. Кіеў выступае супраць сілавога развязання сітуацыі, але настойвае, што будынак Данецкай аблаадміністрацыі мусіць быць вызвалены.

Расейцы пакідаць будынак адмаўляюцца і заяўляюць пра гатовасць да доўгатэрміновай абароны. Нават са зброяй у руках.

Алесь Баразенка, Сяргей Кавалёў, Данецк, belsat.eu

Стужка навінаў