Самалёты, на якіх лятаюць заснавальнік «Google», гітарыст «Deep Purple» і 2 кліенты з Беларусі


Каб пачувацца птушкаю, камусьці дастаткова набыць квіток на лятак або скокнуць з парашутам. А вось славенец Іва Баскароў пабудаваў для гэтага цэлы завод вытворчасці звышлёгкіх самалётаў. Цяпер пачувацца птушкаю ён можа хоць кожны дзень.



Унікальны для былой югаслаўскай рэспублікі Славеніі, а нават і для ўсёй Еўропы завод звышлёгкіх летакоў «Pipistrel» размяшчаецца ў мястэчку Айдоўшчына на захадзе былой югаслаўскай рэспублікі, літаральна за некалькі кіламетраў ад мяжы з Італіяй.

{movie}Самалёты, на якіх лятаюць заснавальнік «Google», гітарыст «Deep Purple» і 2 кліенты з Беларусі |right|15846{/movie}

Іва Баскароў яшчэ з часоў сацыялістычнай югаслаўскай мінуўшчыны ад мясцовых жыхароў атрымаў мянушку Кажан. Гэты пілот-энтузіяст разам з сябрамі літаральна з падручнага матэрыялу збіраў планёры і самалёты ды лятаў на іх.

«Я не мог лятаць днём, калі лётнішча было адчыненае, бо яго начальнік не дазваляў. Ён казаў мне: «Я веру, што ты здольны на гэта і што ў прыватнай авіяцыі ёсць будучыня, але я не хачу несці адказнасці, калі нешта здарыцца. Але калі ўвечары мы зачыняем дзверы ангару, і я іду дахаты, рабі ўсё, што ты захочаш!..» І таму мы ляталі позна ўвечары або ўначы, і ў цёмным вечаровым ці начным небе мы былі падобныя да кажаноў», – прызнаўся Іва Баскароў, генеральны менеджар «Pipistrel».

Але хобі ды галоўнае захапленне Іва стала пакрысе і нечакана для яго самога перарастаць ў справу жыцця. Першы крок да ўласнага авіябізнесу быў зроблены, калі суседзі-італьянцы замовілі ў славенскага пілота лятак і паабяцалі за яго заплаціць.

Іва ўзяўся за справу з энтузіязмам. Але шлях ад словаў да справы, асабліва ў краіне, якою кіруе камуністычны рэжым, як аказалася, – гэта як шлях ад зямлі да неба.

А для гэтага пілоту-энтузіясту даводзілася па некалькі разоў на месяц ездзіць у Бялград, каб атрымаць неабходныя паперы і дазволы. Хадзіць па кабінетах, кланяцца, пераконваць чыноўнікаў у тым, што прыватная авіяцыя мае будучыню. І ўрэшце яму гэта ўдалося. Сёння «Pipistrel» – сапраўдны гонар для Славеніі.

Сярод кліентаў і гасцей славенскага авіявытворцы – адзін з заснавальнікаў кампаніі «Google» Лэры Пэйдж і гітарыст гурта «Deep Purple». Але, аказваецца, некалькі славенскіх «птушачак» заляцелі і ў Сінявокую.

«У Беларусі ў нас ёсць два кліенты, так што два нашыя самалёты цяпер і на вашай тэрыторыі. Высокія імпартавыя мыты і падатак на раскошу робяць наш самалёт, на жаль, вельмі дарагім у Беларусі – нашмат даражэйшым за яго заводскі кошт», – адзначыў Іва Баскароў.

А дакладней, даражэйшым утрая. Тут, на «Pipistrel», вельмі шкадуюць, што з гэтай прычыны ў Беларусі такія вось прыгажуны-летакі па кішэні выключна вельмі заможным грамадзянам. А славенскі «паветраны маг» марыў бы, каб асалоду ад палёту маглі атрымаць у нашай краіне і прадстаўнікі сярэдняга класу.

Алесь Сіліч, Славенія, belsat.eu

Стужка навінаў