Чужая тапаніміка


Вярнуць частцы вуліцы Савецкай у Гомлі гістарычны назоў – Румянцаўская – просяць працаўнікі дзяржаўнай гістaрычна-культурніцкай установы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль». Гэтак камуністычнага ў гарадской тапаніміцы можа паменець, але прыбудзе расейскага. Няўжо ў беларусаў няма сваіх герояў, у гонар якіх варта называць вуліцы?

Дзе чужыя героі – там і назовы чужыя. Леніна, Куйбышава, Суворава, Чапаева – гэткія вуліцы ёсць на планах большасці беларускіх гарадоў. Тапонімы, якія пазбаўляюць нас адметнасці і не вучаць шанаваць свайго.

{movie}Чужая тапаніміка|right|15783{/movie}

Наўрад ці паспрыяе гэтаму і перайменаванне ў Гомлі часткі вуліцы Савецкай на Румянцаўскую, у гонар былога царскага міністра і мецэната Мікалая Румянцава. Тым не менш, менавіта гэтак называлася вуліца да бальшавіцкага перавароту.

АНДРЭЙ СКІДАН, СУПРАЦОЎНІК ВЕТКАЎСКАГА МУЗЕЮ:
“Я, напрыклад, за тое, каб надаць вуліцы імя Румянцава. Не старую Прабойную, а менавіта Румянцава. Гэтая фігура для Гомля знакавая, як бы да яе ні адносіліся”.

У свой час Румянцаў сапраўды ўклаў нямала сродкаў у будаўніцтва Гомля, але, як мяркуюць некаторыя даследнікі, разам з тым ён ператварыў яго з самабытнага ў тыповы расейскі горад.

ЮРЫЙ ГЛУШАКОЎ, КРАЯЗНАЎЦА, ГІСТОРЫК:
“У нас ёсць дзясяткі, сотні нашых гомельскіх землякоў, вельмі добрых людзей, якіх таксама трэба ўшаноўваць. А ў нас толькі кажуць сёння: Румянцаў-Паскевіч, Паскевіч-Румянцаў. Іншых, ці гэта час Рэчы Паспалітай, ці Вялікага Княства Літоўскага, ці савецкія часы, ці сучаснае жыццё, іх нібыта не існуе”.

Разам з тым, мяркуюць гісторыкі, перайменаванні не мусяць быць манаполіяй уладаў. Сапраўды, сённяшняя Савецкая вуліца мела за сваю гісторыю шэраг назваў, таму пры перайменаванні неабходна праводзіць дыскусіі.

ЯЎГЕН МЕРКІС, СТАРШЫНЯ ГОМЕЛЬСКАЙ «ТАЛАКІ»:
“Большасць рашэнняў, звязаных з развіццём гораду, з перайменаваннем гарадской тапанімікі, выносіцца без уліку меркавання грамадскасці. Гэта вырашаюць нейкія камісіі, якія невядома якім чынам засядаюць. І фактычна звычайныя грамадзяне, звычайныя гамельчукі не могуць паўплываць на прыняцце гэтага рашэння”.

Што ж да грамадзянаў – іхныя меркаванні наконт перайменавання адной з цэнтральных вуліцаў чакана падзяліліся.

ЖЫХАРЫ ГОМЛЯ:
“Усе прызвычаіліся, і якая розніца, як яна называецца? Усё роўна ўсе будуць называць яе Савецкаю”.
“Лепш было б назваць гэтую вуліцу Румянцаўскай, чымся Савецкай”.
“Рэферэндум правесці і запытацца ў народу, што народ думае. Можа, якое іншае імя?”.

Напрыклад, славутых мясцовых нарадзінцаў – кампазітара Рыгора Пукста альбо дзяячкі БНР Палуты Бадуновай. Такіх вуліцаў дасюль у Гомлі няма. Відаць, гэткая адметнасць і нашых часоў, калі дзяржава хутчэй гатовая шанаваць чужых, але не сваіх герояў.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў