Лідар метал-групы з Гомлю абвесціў, што ідзе ў прэзідэнты: Галоўнае - разгайдаць лодку


Чалец легендарнага гомельскага метал-гурта «Gods tower» Уладзіслаў Наважылаў (сцэнічны псеўданім – Лэслі Найф) заявіў у сацыяльных сетках пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі і апублікаваў арыгінальную перадвыбарчую праграму.



Музыка стварыў уласны сайт, дзе апублікаваў сваю праграму, у якой, у прыватнасці, піша: «Калі я стану прэзідэнтам, найперш выдам указ аб пабудове ў Беларусі касмадрому і правядзенні ўласнай Алімпіяды. Акрамя таго, мы запатрабуем вярнуць нам усе нашыя спрадвечныя землі ад Айдаху да Плутону. Мы не станем разменьвацца на танкі, самалёты і кулямёты. Мы пабудуем сваю Зорку Смерці з чаркай і скваркай! Галоўнае што? Галоўнае, каб скафандр не ціснуў! А там і да эканомікі дабяромся».

Лэслі Найф пазіцыянуе сябе як «былога касмічнага пірата»: «У нас будуць самыя вялікія ўраджаі, міжгалактычныя трактары ды Вялікі хакейны калайдар».

Адзін з пунктаў перадвыбарнай праграмы гомельца – легалізацыя карупцыі. «Нельга ігнараваць факт перанасычанасці нашага грамадства карупцыяй. Я прызнаю, што гэта прыроджаная хвароба. Таму, у адрозненне ад іншых палітыканаў, я прапаноўваю карупцыю легалізаваць. Мы пабудуем дамы карупцыі, цэлыя вуліцы рудых ліхтароў, дзе чыноўнікі змогуць займацца карупцыяй у парадку індывідуальнага прадпрымальніцтва. Такім чынам мы папоўнім бюджэт і знойдзем сродкі на будаўніцтва касмадромаў у вёсках, а таксама на мадэрнізацыю касмічнага флоту», – піша Лэслі Найф.

На пасадзе прэзідэнта ён таксама мае намер развіваць касмічную праграму: «Абгрунтавана сцвярджаю, што на гэты момант справа касманаўтыкі ў нашай краіне застаецца ў глыбокай чорнай дзіры, таму адразу пасля майго прыходу да ўлады асігнаванні на гэтую галіну народнай гаспадаркі будуць павялічаныя шматкроць. Я хачу, каб кожны беларус мог пры жаданні згламэздаць ракетаплан у склепе з наяўных дэталяў бытавой і сельскагаспадарчай тэхнікі. Для гэтага мы сур’ёзна перагледзім агульнанацыянальную праграму адукацыі на карысць астраноміі, прыкладной касманаўтыкі і хатняга ракетабудавання. У выніку любы беларус будзе здольны пры дапамозе самагоннага апарату вырабляць самы сапраўдны гептыл і акісляльнік!».

У каментары БелаПАНу Уладзіслаў Наважылаў патлумачыў, што ягоная кампанія «не больш як спроба пасмяяцца з выбараў у Беларусі». «Калі з дапамогаю медыяў зробім рэзананс, то чаму б не? Шанцы – не важна, галоўнае – паспрабаваць разгайдаць човен, дакладней, разварушыць балота. Метады перадвыбарнай кампаніі ды тэхналогіі мы выкарыстаем сітуацыйныя, радыкальныя, але бязбольныя. Беларусы замала ўсміхаюцца, таму ў іх эканоміка дэпрэсіўная. А ўсміхаючыся, і да Марсу пешшу дойдзеш», – перакананы лідар гурта «Gods tower».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў