Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 19 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 269-х содняў поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на фронце.
Фота: 72 ОМБр ім. Чорних Запорожців / Facebook

У паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці і на захадзе Луганскай цягам содняў працягваліся пазіцыйныя баі, у якіх ініцыятыва належала ўкраінскім вайскоўцам. Міністэрства абароны РФ паведамляе пра зрыў атак Збройных сілаў Украіны ў ваколіцах населеных пунктаў Першатраўневае, Кіслоўка і Крухмальнае Харкаўскай вобласці, а таксама сёлаў Чырвонапапоўка і Плашчанка Луганскай вобласці.

Прарасейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра сустрэчныя баі каля Стэльмахоўкі і Навасёлаўскага.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай гаворыць, што расейцы перакінулі на лінію фронту ў рэгіёне рэшту самых падрыхтаваных вайскоўцаў з Херсонскай вобласці. Паводле кіраўніка АВА, гэтыя сілы змогуць прыпыніць украінскі контрнаступ, але толькі часова і асабліва не паўплываюць на сітуацыю.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці ініцыятыва па-ранейшаму застаецца за Узброенымі сіламі Расеі, якія наступаюць на бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках. Між тым украінскае камандаванне піша, што цягам содняў сілам абароны ўдалося адбіць атакі праціўніка каля населеных пунктаў Белагораўка, Зеленаполле, Кляшчэеўка, Первамайскае, Вадзяное і Новаміхайлаўка.

Пегаў паведамляе, што расейцы штурмуюць Спірнае, а таксама атакуюць Верхнякаменскае. Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра інтэнсіўныя баі ў гарадах Бахмут і Салядар, дзе абодва праціўнікі абменьваюцца контратакамі.

На лініі фронту ў Запарожскай вобласці сітуацыя па-ранейшаму застаецца адносна спакойнай: абодва бакі канфлікту не праводзяць наземных аперацыяў, засяродзіўшыся на нанясенні артылерыйскіх удараў.

Між тым «Рыбарь» мяркуе, што Збройныя сілы Украіны працягваюць назапашваць жывую сілу і тэхніку ў Запарожжы, каб у выніку пачаць наступ у бок Мелітопалю. Паводле крыніцы, па лініі фронту ў рэгіёне ЗСУ плануюць размясціць ад 25 да 40 тысяч чалавек.

Збройныя сілы Украіны працягваюць замацоўвацца ў правабярэжнай частцы Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцяў. Пры гэтым «Рыбарь» адзначае вывад штатных вайскоўцаў ЗСУ на іншыя ўчасткі фронту і замену іх байцамі тэрытарыяльнай абароны. А Офіс прэзідэнту Украіны і ўкраінскія медыі паведамляюць пра абстрэлы вызваленых раёнаў Херсоншчыны і самаго Херсону – так, пад Херсонам адна ракета трапіла ў чаргу па хлеб і параніла 5 чалавек, у самім Херсоне трапілі ў шматпавярховы жылы дом.

Фота
У Херсон прыбыў першы з пачатку вайны пасажырскі цягнік з Кіева
2022.11.19 15:18

Сямён Пегаў і былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін паведамляюць пра абстрэлы расейскай артылерыяй правабярэжжа Дняпра.

Спікер аператыўнага камандавання «Південь» Уладзіслаў Назараў заяўляе пра выкананне 33 агнявых задачаў украінскімі вайскоўцамі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, а таксама на Кінбурнскай касе ў Мікалаеўскай вобласці.

Намеснік міністра абароны Украіны генерал-маёр у адстаўцы Уладзімір Гаўрылаў выказаў меркаванне, што ўжо цягам гэтага году ЗСУ могуць зайсці на тэрыторыю Крыму, а сама вайна можа скончыцца бліжэй да лета 2023 года. Пры гэтым Гаўрылаў заўважыў, што перамовы з Расеяй магчымыя толькі пры ўмове вываду ейных войскаў з тэрыторыі Украіны.

У Генеральным штабе ЗСУ паведамілі, што за содні было знішчана каля 420 вайскоўцаў праціўніка, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 83 880 чалавек.

Hавiны
«Мы з вамі да канца». Прэм’ер Брытаніі Сунак наведаў Кіеў, сустрэўся з Зяленскім
2022.11.19 17:49

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў