Прапалестынскія пратэстоўцы ўварваліся ў будынак Капітолію ў Вашынгтоне


У будынак Капітолію ў ЗША 18 кастрычніка прарваліся пратэстоўцы, якія патрабавалі неадкладнага спынення агню ў сектары Газа і спынення вайсковай дапамогі Ізраілю. Праз некаторы час паліцыя выцесніла ўсіх дэманстрантаў з Капітолію і затрымала каля 300 чалавек, паведамляе «ABC News».

Пратэстоўцы ў Капітоліі 18 кастрычніка 2023 года. Скрыншот з відэа: worldprotest / Telegram

Паведамляецца, што дэманстранты былі арганізаваныя леваю габрэйскаю групаю «Габрэйскі голас за мір» («Jewish Voice for Peace»), якая прытрымліваецца прапалестынскай пазіцыі, выступае за спыненне агню ў сектары Газа і спыненне вайсковай дапамогі Ізраілю.

Пратэстоўцы ўварваліся ў будынак Капітолію падчас паездкі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Ізраіль і на фоне бамбавання шпіталю ў Газе. Яны абвінавачваюць Байдэна ў тым, што ён дае Ізраілю карт-бланш на любыя дзеянні і не жадае асудзіць тое, што прыводзяць да ахвяраў сярод мірнага насельніцтва Газы.

«Мы ўсе тут, каб запатрабаваць спынення генацыду палестынскага народу, да якога падбухторвае ўрад ЗША», – заяўлялі ўдзельнікі пратэсту.

Паводле прэс-сакратара паліцыі, некаторыя з пратэстоўцаў увайшлі ў офісны будынак у розных пунктах бяспекі і пасля сабраліся разам. Пратэстоўцы, як і астатняя грамадскасць, могуць легальна ўваходзіць у комплекс Капітолію і заставацца там толькі ў тым выпадку, калі яны не выклікаюць беспарадкаў, дадаў прэс-сакратар паліцыі.

Падчас акцыі да ўдзельнікаў пратэстаў у падтрыманне Палестыны ў Капітоліі выйшаў часовы спікер палаты прадстаўнікоў ЗША Патрык МакГэнры. У яго ў руках быў сцяг Ізраілю, які палітык выставіў перад мітынгоўцамі.

Часовы спікер палаты прадстаўнікоў ЗША Патрык МакГэнры вынес сцяг Ізраілю да пратэстоўцаў у Капітоліі. 18 кастрычніка 2023 года. Скрыншот з відэа: worldprotest / Telegram

У выніку каля 300 чалавек былі арыштаваныя паліцыяй Капітолію.

Мітынгі ў падтрыманне Палестыны вечарам 18 кастрычніка прайшлі таксама ў Берліне, ля ізраільскага консульства ў Стамбуле, у Афінах, Бахрэйне і Барсэлоне.

Аналітыка
Ці прынясе вайна з «Хамасам» тэракты і закалоты ў Еўропу? І прычым тут Расея
2023.10.19 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў