Эксперт: Ударамі па Адэсе Расея хоча дабіцца працягу «збожжавай угоды» на сваіх умовах


Ракетным ўдарам па аб’ектах вайсковай і партовай інфраструктуры ў Адэсе Расея хоча дабіцца аднаўлення «збожжавай угоды» на сваіх умовах. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» заявіў украінскі эксперт, кіраўнік праектаў па бяспецы цэнтру глабалістыкі «Стратэгія-XXI» Паўло Лакійчук. Эксперт таксама пракаментаваў эвакуацыю каля 2000 чалавек у акупаваным Крыме, перакрыццё трасы «Таўрыда» і звесткі пра адпачынак беларускіх дзяцей у «Артэку».

Украінскі эксперт, кіраўнік праектаў па бяспецы цэнтру глабалістыкі «Стратэгія-XXI» Паўло Лакійчук.
Фота: Павел Лакийчук / Facebook

Расея 19 ліпеня нанесла масіраваны камбінаваны ракетны ўдар Украіне. 30 крылатых ракетаў і 32 дроны-камікадзэ «Shahed» былі выпушчаны па аб’ектах крытычнай інфраструктуры і вайсковых абʼектах. Асноўным напрамкам удару была Адэская вобласць. Паводле адзнакі ўкраінскага боку, нападу такога маштабу Адэса яшчэ не ведала з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварвання.

Hавiны
Уначы Расея выпусціла па Украіне 31 ракету і 32 дроны «Shahed»
2023.07.19 10:55

Каментуючы гэта беспрэцэдэнтны па магутнасці налёт, кіраўнік праектаў па бяспецы цэнтру глабалістыкі «Стратэгія-XXI» Паўло Лакійчук зазначыў, што заявы расейскага боку аб тым, што ўдар нанесены быццам бы ў якасці помсты за атаку Крымскага мосту, зʼяўляюцца хлуснёй. Паводле эксперта, такія маштабныя камбінаваныя ўдары патрабуюць працяглага планавання – «падрыхтоўка прынамсі на працягу тыдня неабходна і аператыўная, і тэхнічная. Проста аперацыю такога маштабу спланаваць за 3 дні ніяк не атрымаецца. Трэба ўлічыць, што гэта і ВМФ Расеі задзейнічаны, і Паветрана-касмічныя сілы задзейнічаны. Трэба падрыхтаваць ракеты, трэба падрыхтаваць носьбіты. Ну, гэта мінімум тыдзень патрэбны, а то і 10 дзён».

Кажучы аб мэце расейскага ракетнага ўдару, эксперт звярнуў увагу на тое што прайшло толькі некалькі дзён з 17 ліпеня – дня выхаду Расеі з так званай збожжавай угоды.

«Расея такім чынам дэманструе, што яна не дае гарантыі бяспекі збожжавага калідора і не дае гарантыі, у першую чаргу, для ўкраінскіх партоў. І таму асноўнай мішэнню расейскіх удараў сталі парты Адэсы і Чарнаморску. Там знаходзяцца збожжавыя тэрміналы ўкраінскія і міжнародныя, тэрміналы сланечнікавага алею і тэрміналы іншых сяльгасвытворцаў. Што сведчыць аб тым, што гэта такі спосаб, як мінімум ціску на ААН і Турцыю з мэтай, каб яны пагадзіліся на расейскія ўмовы падаўжэння гэтай «збожжавай угоды»», – канстатаваў эксперт.

Што тычыцца падзеяў у Крыме, дзе ўначы загарэўся вайсковы абʼект, эвакуююць некалькі тысяч чалавек з населеных пунктаў і перакрылі рух па федэральнай трасе «Таврида», то Паўло Лакійчук заўважыў, што ўсё гэта вынік «звычайнай працы Збройніх сілаў Украіны». Ён нагадаў, што ў гэтыя дні адбываюцца баявыя дзеянні на поўдні Украіны і ЗСУ робіць значны ўпор на знясіленне варожай групоўкі сіл. Апошняе ўключае ў сябе »знішчэнне не толькі жывой сілай суперніка, але і ліквідацыю боепрыпасаў, гаручазмазачных матэрыялаў матэрыялаў«. Украінскія вайскоўцы наносяць удары на ўсю глыбіню абароны праціўніка, пачынаючы з лініі фронту і заканчваючы ўзбярэжжам Азоўскага мора. А Крым зʼяўляецца глыбокім тылам расейскай групоўкі. І гэты тыл уключае ў сябе Крымскі мост, рэгіён Стары Крым, Севастопаль, Феадосію. Начныя выбухі 19 ліпеня як раз прыйшліся на Стары Крым.

Hавiны
У Крыме эвакуююць больш за 2 тысячы асобаў
2023.07.19 10:03

Паводле звестак эксперта, у Старым Крыме знаходзіцца колішні палігон берагавых войскаў ВМС Украіны. Гэта досыць вялікі палігон, дзе ў 2006 збіраліся праводзіць буйное міжнароднае вучэнне. Пасля акупацыі Крыму Расеяй гэты палігон выкарыстоўваецца пераважна паветрана-дэсантнымі войскамі Расейскай Федэрацыі як тылавая база і база падрыхтоўкі асабовага складу. Лакійчук звяртае ўвагу на тое, што напярэдадні выбухаў украінская выведка выявіла на Старакрымскім палігоне буйныя склады боепрыпасаў.

«Ну і нанеслі па іх дакладныя ўдары, відавочна. Мяркуючы па выбухах, якія працягваюцца з раніцы і да гэтага часу, там былі склады не толькі артылерыйскага боезапасу, а і для рэактыўных сістэм залпавага агню, цяжкай артылерыі».

Паводле эксперта, гэта вынік сумеснай аперацыі ЗСУ і вайсковай выведкі Украіны. Эвакуацыя насельніцтва праводзіцца з-за пагрозы разлёту боепрыпасаў са складу. Перакрытая ж траса «Таўрыда» – працяг Крымскага моста – праходзіць «фактычна па мяжы палігона. Для яе дэтанацыя боезапасу ўяўляе пагрозу, таму дарогу і перакрылі».

Таксама Паўло Лакійчук пракаментаваў звесткі пра адпраўку дзяцей з Беларусі на адпачынак ва акупаваны Крым пры садзейнічанні «Рускага дому», якія зʼявіліся непасрэдна перад выбухам на Крымскім мосце і выбухамі ў Старым Крыме:

«Праўду кажучы, у мяне цэнзурных слоў няма. Але я разумею, рускія гатовыя на дурніцу адпачываць у зоне баявых дзеянняў, ездзіць праз зону баявых дзеянняў. Але беларусы ж разумеюць, што ў Крыме ідзе вайна, што ў Крыме могуць быць выбухі, што Крымскі мост – гэта лагістычны ланцужок узброеных сіл РФ, якія вядуць вайну ва Украіне, што па ім можа прыляцець, што калі прыляціць па Крымскім мосце, давядзецца ехаць праз зону баявых дзеянняў на поўдні Украіны».

Эксперт звярнуўся з заклікам да бацькоў беларускіх дзяцей, якія накіравалі ці яшчэ збіраюцца накіраваць дзяцей у «Артэк»:

«Людзі падумайце, ва Украіне, у акупаваным Крыме ідзе вайна, сапраўдная страшная вайна, нельга туды адпраўляць дзяцей, адпраўце іх на Балтыку, адпраўце іх на Міжземнае мора, але не рабіце глупства, гэта ж дзіцячыя жыцці, ну як так можна, прабачце за эмацыйнасць. Але гэта жудасна. Жахліва. Жахліва безадказна».

Hавiны
33 беларускія школьнікі едуць адпачываць у летнік «Артэк» у акупаваным Крыме
2023.07.14 22:37

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў