У Крыме эвакуююць больш за 2 тысячы асобаў


Больш за 2 тысячы асобаў плануецца часова эвакуяваць з населеных пунктаў каля вайсковага палігону, што загарэўся на ўсходзе Крыму. Пра гэта паведаміў кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Сяргей Аксёнаў у сваім тэлеграм-канале.

Пажар каля вайсковага палігону ў Крыме. Скрыншот з відэа: bbbreaking /Telegramf;dh

Часовую эвакуацыю плануюць у чатырох населеных пунктах. Гаворка ідзе пра паселішчы Крынічкі, Айвазоўскае, Абрыкосаўка, Прыветнае, інфармуе МНС Крыму.

«З зоны, прылеглай да палігону ў Кіраўскім раёне, плануецца часовая эвакуацыя жыхароў чатырох населеных пунктаў – гэта больш за дзве тысячы асобаў», – напісаў Сяргей Аксёнаў.

Ён удакладніў, што разгорнуты аператыўны штаб, на месцы працуюць усе профільныя службы.

Эвакуяваныя 2225 асобаў будуць чакаць у пунктах часовага размяшчэння: у школе паселішча Первамайскае і ў школе ў Кіраўскім. Арганізаванае забеспячэнне гарачымі харчамі і ўсім неабходным, паведамляюць ратавальнікі.

«Прычыны загарання на палігоне ў Кіраўскім раёне вызначаць следчыя органы. Пацярпелых няма. Эвакуяваным жыхарам аказваецца дапамога, людзі ў пунктах часовага размяшчэння будуць забяспечаныя ўсім неабходным. Ліквідацыя наступстваў будзе праведзеная ў найкарацейшыя тэрміны», – заявіў Аксёнаў.

Паводле мясцовых тэлеграм-каналаў, на палігоне ва ўсходняй частцы Крыму гарыць і выбухае склад боепрыпасаў. Раней Аксёнаў расказаў, што траса «Таўрыда» перакрытая ад пажару на палігоне ў Кіраўскім раёне. Прычынаў пажару Аксёнаў не назваў, аднак раней паведамлялася, што ў Севастопалі спрацавала сістэма СПА.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў