У Менску пачалі судзіць музыкаў гурта «Nizkiz». Іх абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу


Удзельнікаў гурта «Nizkiz» абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Справу разглядаюць у судзе Кастрычніцкага раёну Менску, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі рок-гурт «Nizkiz» выступае на канцэрце ў цэнтры Варшавы ў межах заключнай часткі фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

Вакаліста Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі ў Магілёве на пачатку студзеня. Пасля двух арыштаў іх перавялі ў Следчы ізалятар, а набліжаныя да сілавікоў крыніцы распаўсюдзілі «пакаяннае» відэа з музыкамі.

Пасля 2020 года творцы заставаліся ў Беларусі, раз-пораз выязджаючы за мяжу на гастролі. Прапаганда ж сцвярджала, што яны нібыта з’ехалі і былі затрыманыя па вяртанні.

Радыёвядоўца, музычная журналістка Марына Савіцкая раней казала «Белсату», што на замежных канцэртах артысты часта падкрэслівалі, што хочуць жыць на радзіме:

«Яны выязджалі выключна на канцэрты. Яны ніколі не з’язджалі на сталае месца жыхарства за мяжою. І канцэрты ў іх адбываліся не толькі ў Літве і Польшчы. На канцэртах у іх вельмі часта гучала фраза пра тое, што яны будуць вяртацца на радзіму, яны вельмі любяць Беларусь і яны хацелі заставацца менавіта там».

Hавiны
Святлана Ціханоўская пра затрыманне музыкаў «Nizkiz»: Яшчэ адзін ганебны акт помсты рэжыму
2024.01.06 18:22

Пры гэтым, паводле Савіцкай, «музыкі не маглі не разумець, што аднойчы да іх могуць прыйсці». «Не таму, што яны вельмі пратэсныя, а таму што цяпер у Беларусі ні з кім не выключаная такая сітуацыя. Калі нават няма за што – яны прыдумаюць нагоду», – адзначала суразмоўніца «Белсату».

Музыкаў абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Удзельнікам «Nizkiz» пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Справу разглядае суддзя суда Кастрычніцкага раёну Менску Алена Жывіца.

Праваабаронцы прызналі музыкаў палітвязнямі.

Аб’ектыў
Затрыманне «Nizkiz». У чым схлусіла лукашэнкаўская прапаганда?
2024.01.06 21:11

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў