Украінская тэнісістка Лэся Цурэнка адмовілася паціснуць руку Арыне Сабаленцы


Пасля двубою Лэся Цурэнка заявіла, што гэта нацыянальная пазіцыя і дазваляе нагадаць, што ва Украіне ідзе вайна.

У Аўстраліі праходзіць першы ў гэтым сезоне турнір Вялікага шлема «Australian Open». У ноч на 19 студзеня другая на сёння ракетка свету беларуска Арына Сабаленка ў межах 1/16 фіналу гуляла супраць украінкі Лэсі Цурэнкі (33-і радок на гэты момант). Сабаленка лёгка перамагла – 2:0 (6:0, 6:0, не даўшы суперніцы ніводнага шанцу) і завяршыла гульню ўсяго за 52 хвіліны.

Пасля гульні Цурэнка адмовілася падысці да Сабаленкі і паціснуць руку, як таго патрабуе рэгламент.

Украінка Лэся Цурэнка паціскае руку суддзі пасля паразы ў матчы ў гульні з беларускай Арынаю Сабаленкаю. 19 студзеня 2024 года. Мельбурн, Аўстралія.
Фота: TRACEY NEARMY / Reuters / Forum

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі Цурэнка заявіла: «Гэта нашая нацыянальная пазіцыя. Вядома, складана зразумець тым, хто не ёсць часткаю краіны, якая цяпер у стане вайны. Мне падаецца, гэта вельмі правільны ўчынак. Гэта яшчэ адзін напамін пра тое, што ў маёй краіне ідзе вайна. Вы проста павінны адчуць тое, што адчуваю я. І ў вас не ўзнікне такіх пытанняў да мяне, калі вы апыняцеся на маім месцы. Ведаеце, я раблю гэта для Украіны, і думаю, гэта правільна».

Сабаленка з разуменнем падышла да гэтай сітуацыі. «Гэта ўжо даўно так, і я разумею ды паважаю пазіцыю кожнага. Яна праявіла павагу, сказала, што я выдатна гуляла. Яна не паціснула мне рукі, але паставілася паважліва, і я гэта шаную», – сказала другая ракетка свету на прэс-канферэнцыі.

У мінулым сезоне Сабаленка выгуляла «Australian Open».

Гісторыі
Хто такая Сабаленка: першая ракетка свету, якая толькі нядаўна выказалася супраць вайны
2023.09.11 15:36

У 2020 годзе Сабаленка падпісала праўладны ліст спартоўцаў, у 2021-м брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Аляксандра Лукашэнкі. Але калі такая пазіцыя стала пагражаць карʼеры, спартоўка заявіла, што не падтрымлівае вайны, а значыць, не падтрымлівае Лукашэнкі «проста цяпер». Арына даўно жыве ў ЗША і выступае ў нейтральным статусе.

АС belsat.eu

Стужка навінаў