Прэм'ера на «Белсаце»: «Рэвалюцыя. Крымская пастка»


Па вялікім рахунку, усё, што вам трэба ведаць пра анексію, ёсць у рэпартажы, які вы можаце паглядзець ТУТ.
Але калі вам цікава пабываць у акупаваным Крыме, гэтак бы мовіць, з другога боку аб’ектыва, то гэтая невялікая гісторыя – для вас.
«Заўсёды былі і будуць людзі, якія, адчуваючы сябе няздольнымі супраціўляцца гвалту з іхнага ўнутранага свету, самыя ідуць на сустрэчу свайму лёсу, самыя аддаюць сябе ў ахвяру».
Іегудыл Хламіда, «Жыццё Кліма Самгіна (Сорак гадоў)»
Да мяжы з Крымам засталося 200 км. У машыне – цішыня. На спідометры – 45 км/г. Туман страшэнны. Прабіраемся праз гэтую паветраную цукровую вату навобмацак. У «Фэйсе» пішуць: на блокпостах шманаюць, у ізраільскага журналіста забралі ўсе грошы, у аператара нямецкага ТБ забралі тэхніку, амерыканскі авіяносец набліжаецца да Чорнага мора, расейскія вайскоўцы абяцаюць вайну і высоўваюць украінскім ультыматумы. Пасля такога бамбардавання інфармацыяй разумееш, што распачалася як мінімум медыйная вайна.
{movie}Рэвалюцыя. Крымская пастка (Анонс)|right|15689{/movie}
Звязваюся з Багданам Куцепавым з «Hromadske.tv». Ён два дні спрабаваў трапіць у Крым аўтам. У выніку прыехаў у сталіцу сепаратыстаў цягніком. «Журналістаў фільтруюць. Але вас, беларусаў, маюць прапусціць. Братэрскі народ», – кажа мне вядомы ўкраінскі журналіст-стрымэр і смяецца.
Пастанаўляем праехаць новапаўсталую мяжу як дыверсанты. Найбольш адказная місія была ў аператара, які, паводле легенды, быў хворым на водрыцу (экзэма) беларусам і на арандаванай машыне ехаў лячыцца ў адзін з крымскіх санаторыяў. Другая частка здымачнай групы ўзваліла на сябе ўсю тэхніку і паехала цягніком.
І вось што атрымалася пасля таго, як мы мінулі мяжу.

Размова з «памежнікамі», «ветлівымі людзьмі», кубанскімі казакамі.

Пасля ўсіх гэтых перыпетыяў мы апынуліся ў Сімферопалі. На вуліцы было спакойна. Спачатку было ўражанне, што гэта не той Крым, пра які чытаеш у інтэрнэце. Праз пары гадзінаў колькіх непрацяглых размоваў, кароткага апытання і «Львоўскага» піва, набытага на злосць Маскве, не было ніякага сумневу, што большасць жыхароў крымскай сталіцы перажываюць «некантраляваны» прыпадак расейскага патрыятызму. «Кіеў столькі гадоў нас ігнараваў. Гэты трызубец у нас ужо ў с…ы», – распавядае, стоячы пад помнікам Леніну, віцэ-прэм’ер Крыму Аляксандр Спірыдонаў. Пазней, ужо на камеру, з большым пафасам і традыцыйным афіцыёзам ён апраўдваўся, тлумачыў, настальгаваў ды крытыкаваў. Наўрад ці ён глядзіць дома ўкраінскія каналы.
Трафейны кубак з офісу кампартыі Украіны. У гасцях на кухні spilno.tv


Порнапрапаганда
Расейскі «тэлек» у Крыме быў самаю небяспечнай і моцнаю зброяй. Каэфіцыент карыснага дзеяння НТВ, кісялёўскай «России» ды іншых рупараў Крамля быў лепшы, чымся ўва ўсіх «зялёных чалавечкаў» разам узятых. За 12 дзён да рэферэндуму, на якім свету паказалі ўсеагульны «адабрамс», пачалі з’яўляцца паведамленні пра адлучэнні ўкраінскіх тэлеканалаў. Атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю праз ТБ маглі толькі шчаслівыя ўладальнікі спадарожнікавых талерак. Дарэчы, на гэты момант адзіным незалежным тэлеканалам, які цяпер працуе ў Крыме, ёсць тэлеканал АТR. Галоўны офіс гэтага крымскага «Белсату» – у самым сэрцы крымскататарскага мікрараёну Сімферопалю, дзе ноччу па вуліцах хадзілі татарскія патрулі. Мясцовыя баяліся, што ў Крым прывязуць «цітушак», каб граміць іхныя дамы. Атмасфера крыху нагадвала кінастужкі Гітчкока.
Сыны дэпартацыі
Дом з ракушачніку. Замест падвалу – бомбасховішча. У доме крычаць дзеці. Размаўляюць па-расейску. Мы ў Бахчысараі, крымскай «сталіцы» татараў. ТБ-навіны па-ўкраінску, а гаспадар дому шэпча на вуха ўнучцы нешта на крымскататарскай. Мясцовыя расейцы ставяцца да татараў па-рознаму. Адныя дзеляцца хлебам і соллю, іншыя называюць бунтарамі, захопнікамі не згадваючы пра тое, што гэтых «бунтароў» у 1944 годзе як быдла вывезлі ў Сярэднюю Азію. А пасля развалу СССР цэлы народ вярнуўся на Радзіму і паставіў дамы на сваёй зямлі. Пра тыя часы ведае і памятае кожны бахчысарайскі татарын. Але ў вачах Мусы Татарава не відаць помсты: «Прыязджайце летам, я вам пакажу Крым», – кажа ён нам сваім басістым голасам. Мы паабяцалі вярнуцца.
Апошняя рэдута
Авіяцыйны гарнізон «Бельбек» носіць імя ракі, у даліне якой месціцца самы прарасейскі горад Крыму – Севастопаль. Апошні пункт нашае вандроўкі.
А 2 ночы мяняем прабітае кола. Кошт – 4 долары.
Старыя савецкія дамы. Іншамарак няшмат. У асноўным – «Жыгулі». На адной з вуліцаў з багажніку «капейкі» тырчыць цялячая нага. Былы вайсковец прадае тое, што нагадавала ягоная цешча. Заходзім у гарнізон. Грыміць «Ласковый май», гіты савецкай эстрады, жанчыны – з кветкамі. «Бельбек» адзначае 8 сакавіка. Амаль два тыдні жаўнеры гэтага гарнізону сядзелі ў аблозе. У адным з куткоў – стаяць барыкады. Жаўнеры-кантрактнікі смажаць на вогнішчы курыцу і глядзяць на захопленую расейцамі вышыню. «Ідзіце паразмаўляйце з імі», – смяюцца. Праз два тыдні вайсковую частку возьмуць штурмам. А легендарнага камандзіра гарнізону – Юлія Мамчура – выкрадуць, пасадзяць у турму і змусяць пакінуць Крым.

Здымачная група: Юрась Высоцкі, Сяргей Марчык, Аркадзь Несцярэнка

Стужка навінаў