Дзень нараджэння сына маці правяла без яго. Хлопец загінуў у войску


«Калі саслужыўцы заўважылі кроў з носа Уладзіслава, дзе ў гэты момант былі камандзіры?» – пытаецца маці загінулага ў беларускім войску жаўнера. Следчы камітэт паведаміў пра адмову завесці крымінальную справу. Некалькі дзён назад следства ўзнавілі.

На пачатку верасня спадарыня Людміла Ягадкіна з Петрыкава пахавала свайго сына, які памёр падчас службы ў вайсковай частцы ў Печах. Абставіны ягонай смерці – дасюль не ясныя. Само ж цела вярнулі дадому пад покрывам у сланцах. «Уяўляеце: маці адправіла сына ў войска, у войска, якое на дзяржаўным забеспячэнні. І войска вярнула яго дадому ў сланцах. Гэта блюзнерства і здзек над бацькамі, над грамадствам», – зазначыла маці загінулага.

Пасля пахавання маці Уладзіслава напісала зварот у Вайсковую пракуратуру, дзе патрабавала даследаваць прычыны смерці ейнага сына. Адтуль справа перайшла у Следчы камітэт, які абяцаў даслаць вынікі экспертызы аб прычынах смерці жаўнера 12 лютага. Потым спадарыні Людміле паведамілі, што трэба пачакаць яшчэ месяц.

У сакавіку разам з паведамленнем аб праведзенай экспертызе Следчы камітэт даслаў жанчыне адмову ў завядзенні крымінальнай справы, бо ў смерці Уладзіслава «адсутнічае сацыяльна-небяспечны чыннік і склад злачынства». У заключэнні адзначылі, што Уладзіслаў памёр «ад вострай каранарнай недастатковасці ў выніку ішэмічнай хваробы сэрца».

Перад прызывам вайсковая медкамісія знайшла, што ў хлопца павышаны крывяны ціск (гіпертэнзія 1 ступені), ніякіх іншых хваробаў не выявілі, хоць рабілі паглыбленае даследаванне. «Перад гэтым дома Уладзіслаў ніколі не скардзіўся на здароўе. Паверце, мама б заўважыла, калі б штосьці было не так», – сказала Людміла Ягадкіна.

“Белсат” мінулай зімою зрабіў відэарэпартаж пра жаўнерскую маці Людмілу Ягадкіну, сын якой вярнуўся з войска ў труне:

{movie}Рэпартаж “Белсату”: “Жаўнер які вярнуўся з войска ў труне”|right|15656{/movie}

У самім заключэнні Следчага камітэту – шмат «ляпаў», сцвярджае маці жаўнера. Да прыкладу, напісана, што, калі Уладзіслаў звяртаўся ў медпункт са скаргамі на кепскае самаадчуванне, ягоны другі зварот «недаацанілі», але разам з тым «аказалі дапамогу ў поўнай ступені». «Як маглі аказаць у поўнай ступені, калі недаацанілі?» – задае пытанне маці жаўнера.

«Напісанае, што яму далі мноства ўколаў, але разам з тым адзначанае, што на шыі толькі адзін след ад шпрыца. Я не ведаю, куды яны тады давалі рэшту ўколаў, пра гэта не напісанае», – заўважыла спадарыня Людміла.

Паводле саслужыўцаў Уладзіслава, апытаных следчымі, маладзён і раней скардзіўся на галаўны боль. Жаўнеры заўважалі, што ў яго часам цякла кроў з носа, яго ванітавала, ён станавіўся слабы, але Уладзіслаў не ішоў у медпункт, казаў: «Усё нармальна, пройдзе».

У заключэнні Следчага камітэту стаіць: кіраўніцтва гарнізону, дзе служыў Уладзіслаў, ніколі не атрымлівала ад яго скаргаў на праблемы са здароўем. «Калі жаўнеры заўважалі кроў з носа, чаму гэтага не заўважалі афіцэры? Дзе былі афіцэры, дзе было кіраўніцтва? Калі яны не ведалі, што адбываецца ў іхнай частцы, дык якія гэта камандзіры?» – не можа зразумець маці Уладзіслава.

Жанчына падлічыла, што сын загінуў прыкладна за 3 месяцы перад дэмабілізацыяй «дзядоў». «Гэта было прыкладна 100 дзён да загаду. Тут простая матэматыка. Што маглі вытвараць з гэтай нагоды «дзяды», – нават цяжка сабе ўявіць», – заўважыла Людміла Ягадкіна.

Некалькі дзён таму са Следчага камітэту да маці Уладзіслава прыйшоў ліст, у якім напісалі, што следства ўзнавілі. Хто вінаваты ў смерці хлопца – адказу дагэтуль няма. Салдацкай маці, аднак, ніхто не верне ейнага сына. «Сэрца разрываецца, не ведаю, што рабіць… Сёння, 2 красавіка, яму б споўнілася 19 гадоў».

Максім Ярашэвіч, belsat.e.

Стужка навінаў