Лукашэнка: У Беларусі мусяць вырабляцца самалёты і верталёты


«Бяры і кляпай, рабі корпус», – Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу арганізавання вытворчасці ў Беларусі самалётаў і верталётаў.

Займацца толькі мадэрнізацыяй і рамонтам існай тэхнікі бесперспектыўна, неабходна рабіць крок наперад і самастойна асвойваць выпуск новай, запатрабаванай на рынках прадукцыі, упэўнены кіраўнік дзяржавы. «У Беларусі мусяць вырабляцца і самалёты, і верталёты», – сказаў Лукашэнка, наведваючы сёння ў Баранавічах авіяцыйны рамонтны завод.

Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што для арганізавання вытворчасці верталётаў ёсць належная пляцоўка ў Оршы. «Што такое вырабіць сёння ў Оршы верталёт? Не праблема, калі там будзе «Мотор Січ» (украінская кампанія, якой належыць пакет акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу) з рухавіком. Рухавік ёсць, яшчэ купіць пару-тройку складаных прыбораў, якія, магчыма, і не трэба ў нас вырабляць. А ўсё астатняе – бяры і кляпай, рабі корпус», – заявіў Лукашэнка.

Замахвацца ж на тое, што ў Беларусі створаць уласную мадэль самалёту, ці то цывільнага, ці то вайсковага, паводле Лукашэнкі, не трэба.

«Відаць, гэтая ноша вельмі цяжкая і мы яе не пацягнем. У нас для гэтага няма магчымасцяў, грашовых сродкаў і людзей. І наагул, напэўна, не трэба ставіць такой задачы. А вось частку самалётаў у кааперацыі, дапусцім, з Расеяй ды іншымі мы мусім ствараць», – выказаўся Лукашэнка.

Самалёты ў Беларусі належыць будаваць так, каб яны былі запатрабаваныя на рынку, перш за ўсё ў Расеі, лічыць кіраўнік Беларусі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў