Гісторыя з разламанымі пячаткамі яшчэ не скончылася


У Берасці былыя кандыдаты ў дэпутаты дагэтуль аспрэчваюць вынікі выбараў, якія скончыліся 23 сакавіка.

22 сакавіка, у апошні дзень датэрміновага галасавання, на выбарчым участку № 19 у Берасці назіральнікі выявілі раскрытую скрыню для галасавання. Паводле выбарчага заканадаўства, за такія парушэнні вынікі выбараў у акрузе мусяць адмяніць. Але іх прызналі сапраўднымі. Давераныя асобы экс-кандыдата ў дэпутаты Валянціны Мальцавай не пакідаюць спробы дамагчыся справядлівасці.

«18 сакавіка урну апячаталі ў прысутнасці двух назіральнікаў, якія сфатаграфавалі пячатку, – кажа Дзяніс Турчаняк, давераная асоба экс-кандыдата ў дэпутаты Валянціны Мальцавай. – Калі я прыйшоў зверыць малюнак, то заўважыў, што ён адрозніваецца ад першапачатковага. Далейшае даследаванне скрыні выявіла яшчэ адзін цікавы факт: шнур, які выкарыстоўваўся для апячатвання, быў прасунуты толькі праз адно вушка на вечку скрыні, хоць 18 сакавіка ён быў прасунуты праз абодва вушкі – на вечку і сценцы скрыні». Такім чынам, скрыню раскрылі, зламаўшы пячатку, зрабілі «больш зручным» размяшчэнне шнура, каб яе можна было раскрываць неабмежаваную колькасць разоў, не пашкодзіўшы пры гэтым новай пячаткі, якую «прыклеілі» пасля.

Тады Дзяніс Турчаняк звярнуўся ў міліцыю і пракуратуру, але ніхто з прадстаўнікоў гэтых органаў не прыехаў на ўчастак, каб зафіксаваць парушэнне. «Перад асноўным днём галасавання раскрытая урна была абклееная аркушамі паперы, без пячатак і подпісаў сябраў участковай камісіі», – кажа Дзяніс Турчаняк.



Валянціна Мальцава
звярнулася ў берасцейскую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію і запатрабавала адмяніць вынікі выбараў па трэцяй выбарчай акрузе.

На паседжанне берасцейскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі 28 сакавіка чальцы камісіі спрабавалі не дапусціць журналістаў, але тыя ўсё ж здолелі прайсці, праўда, карыстацца фота-, відэа- і аўдыётэхнікай ім забаранілі.

Паводле Дзяніса Турчаняка, на адным участку была парушаная працэдура падліку галасоў, цэлы дзень бюлетэні ўкідалі ў раскрытую скрыню, на іншым – назіральнікі зафіксавалі, што яўка меншая, чым паказала выбарчая камісія. У выніку перамагла цяперашняя дэпутатка гарсавету Надзея Леанюк, якая ў дзень галасавання набрала 56 %, а ейная суперніца – 44 %.

Учора Валянціна Мальцава падала заяву ў берасцейскую абласную выбарчую камісію і запатрабавала адмяніць вынікі выбараў па трэцяй выбарчай акрузе.

Алесь Ляўчук, АК, belsat.eu

Стужка навінаў