Кандыдаты ад зрынутай улады, народныя дэпутаты і гандляр гардзінамі


Сёння скончыўся прыём заявак на ўдзел у выбарах на пасаду прэзідэнта Украіны. Афіцыйна ў якасці прэтэндэнтаў ЦВК зарэгістравалі 7 кандыдатаў. Канчатковыя імёны тых, хто выйшаў на фінішную прамую, будуць вядомыя 4 траўня. Да гэтага часу Цэнтрвыбаркам мае разгледзець заяўкі яшчэ 27 кандыдатаў.

Сярод тых, у каго прынялі дакументы, ёсць кандыдаты ад зрынутай улады Віктара Януковіча, народныя дэпутаты, медыямагнат і гандляр гардзінамі. Вашай увазе дасье на зарэгістраваных удзельнікаў перадвыбарчай гонкі.

Рэнат Кузьмін – першы зарэгістраваны кандыдат на пасаду прэзідэнта. Былы намеснік генеральнага пракурора Украіны Віктара Пшонкі. Менавіта Кузьмін распачаў крымінальную справу на Юлію Цімашэнку. Быў замешаны не ў адзін палітычны скандал. У інтэрнэце з’явілася публікацыя ягонага ліста Бараку Оўбаму. У звароце да амерыканскага прэзідэнта ён прасіў садзеяць у расследаванні забойства ўкраінскага бізнесоўцы Яўгена Шчэрбаня. Кузьмін настойваў на тым, што ў справу замешаная Цімашэнка.

Былы міністр унутраных справаў Юрый Луцэнка не раз выказваў незадаволенасць з нагоды карупцыі ды злоўжывання ўладай у Генеральнай пракуратуры падчас займання пасады Кузьміным. Таксама Кузьмін праславіўся вызваленнем бандыта Гіві Немсадзэ, якога абвінавачвалі ў стварэнні злачыннай групоўкі, вінаватай у 57 забойствах у Данбасе ў 1990-я гады.

Сяргей Цігіпка – кандыдат-самавылучэнец, дэпутат Вярхоўнай Рады ад Партыі рэгіёнаў. Да 2012 года ўваходзіў у топ-10 самых багатых украінцаў паводле версіі «Forbes». У 2004-м падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі стаў даверанаю асобаю Януковіча, узначаліўшы ягоны перадвыбарчы штаб. Праз тыдзень пасля першага туру выбараў і пачатку Памаранчавай рэвалюцыі ён пакінуў каманду прэм’ера-кандыдата. У 2008 годзе Цігіпка быў дарадцам Юліі Цімашэнкі. Прымаў удзел у папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, дзе заняў 3 месца ў першым туры, набраўшы 13 % галасоў.

Міхаіл Добкін – кандыдат, вылучаны ад Партыі рэгіёнаў, экс-губернатар Харкаўскай вобласці, адыёзная персона з неадназначным іміджам. З 20 сакавіка яго ўтрымліваюць пад хатнім арыштам па падазрэнні ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. У 2007-м апынуўся ў цэнтры інтэрнэт-скандалу з відэаролікам рыхтавання палітыка да перадвыбарнай гонкі на мэра Харкава. Запіс ягонай размовы з кіраўніком выбарчага штабу Генадзем Кернесам утрымліваў шмат ненарматыўнай лексікі. У сваіх выбарчых лозунгах Міхаіл Добкін абяцае вярнуць Крым у склад Украіны ды наладзіць стасункі з Расеяй.

Юры Бойка – займаў пасаду віцэ-прэм’ера ва ўрадзе Азарава да лютага 2014 года, яшчэ раней быў кіраўніком Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці. У блізкіх стасунках з арыштаваным у Вене бізнесоўцам Дзмітрыем Фірташам і экс-кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Сяргеем Лёвачкіным. Юрыю Бойку прыпісвалі ўдзел у махінацыях з пастаўкамі расейскага і туркменскага газу ва Украіну, а таксама шматмільённы скандал з дзяржнабыткамі марскіх буравых установак. На іх Украіна страціла сотні мільёнаў долараў.

Вадзім Рабіновіч – украінскі бізнесоўца, кіраўнік арганізацыі «Аб’яднаная габрэйская грамада Украіны» і медыямагнат. Яму належаць медыяхолдынг MIG, амерыканская газета «Новое русское слово» ды шэраг іншых друкаваных і электронных выданняў. Стаўшы прэзідэнтам, бізнесоўца паабяцаў «адмыць Украіну ад антысемітызму» і «за год выцягнуць краіну з ямы». Паводле самавылучэнца, ён – найлепшы кандыдат: «У мяне няма маніякальнай прагі ўлады, проста хачу дапамагчы краіне».

Больш сціплы паслужны спіс – у яшчэ двух кандыдатаў-самавылучэнцаў.

Валерый Канавалюк – кіраўнік «Цэнтру антыкрызісных праграмаў», былы народны дэпутат фракцыі Партыі рэгіёнаў. У верасні 2012-га падаў у адстаўку і выйшаў з ПР з прычыны нязгоды з палітыкаю Януковіча, абвінаваціўшы яго ў правале рэформаў і ў карупцыі.

Уладзімір Саранаў – беспартыйны кіяўлянін, дырэктар прадпрыемства «Інтерагроекспорт». Кампанія Саранава валодае сеткаю салонаў «Еўрапейскія гардзіны», гандлюе дыванамі, карнізамі і аксесуарамі.

Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца 25 траўня.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў