Турчынаў прыехаў да Лукашэнкі: «Беларусы і ўкраінцы заўсёды ваявалі поплеч»


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ды не прызнанага Крамлём выканальніка абавязкаў. прэзідэнта Украіны Аляксандра Турчынава праходзіць у Ляскавічах (Гомельская вобласць).

«Нам даўно, мабыць, трэба было сустрэцца, каб абмяняцца меркаваннямі наконт сітуацыі, якая складваецца не толькі ва Украіне, але і вакол нас, вызначыцца наконт далейшых нашых крокаў, узаемаадносінаў дзвюх дзяржаваў і двух вельмі блізкіх народаў. Думаю, што ў выніку сённяшніх перамоваў мы знойдзем нейкі агульны пункт гледжання. Я думаю, іх шмат, яны ўжо намеціліся за гэты час. І паспрабуем зблізіць нашыя пазіцыі ў пытаннях, якія, можа быць, сёння ў сілу недахопу інфармацыі не знаходзяць належнага разумення», – заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што некалькі гадоў таму меў магчымасць сустрэцца з Турчынавым, калі той у складзе ўкраінскай дэлегацыі быў у Гомлі. «Тады вы займаліся эканомікаю разам з нашым першым віцэ-прэм’ерам. З тых часоў Вы пагружаныя ў адносіны паміж Беларуссю і Украінаю, бо Вы былі сустаршынём нашай агульнай камісіі і, напэўна, лепш , чым хто-небудзь іншы, ведаеце сітуацыю ў Беларусі ды нашыя двухбаковыя адносіны. Таму, калі будзе неабходнасць, мы можам вярнуцца да тых пытанняў, якія мы калісьці развязвалі, і намеціць іншыя ва ўзаемаадносінах нашых дзяржаваў», – сказаў галава Беларусі.

У сваю чаргу Аляксандр Турчынаў адзначыў важнасць двухбаковай супрацы Беларусі ды Украіны. «Украіна і Беларусь – гэта не проста суседзі. Гэта брацкія народы, якія сотні гадоў жылі, працавалі ды ваявалі поплеч. Для нас вельмі важна ўмацоўваць адносіны паміж нашымі народамі, каб паміж нашымі краінамі не было непраходных межаў, каб і беларусы, і ўкраінцы адчувалі сябе ў бяспецы, маглі спадзявацца на дапамогу і падтрыманне адзін аднаго», – заявіў Аляксандр Турчынаў.

«Я ставіў перад сабою галоўнаю мэтаю гэтага візіту адчуць падтрыманне, добрасуседскае стаўленне, дружбу беларускага народу», – падкрэсліў выканальнік абавязкаў прэзідэнта Украіны.

Аляксандр Турчынаў адзначыў, што краіны ў сваіх адносінах заўсёды прыходзілі да развязання і знаходзілі выйсце з любых складаных сітуацыяў. Ён прапанаваў абмеркаваць на сустрэчы не толькі палітычныя пытанні, але і эканамічную супрацу.

АК, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары