Паралакс. Імя па бацьку


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

На творчай сустрэчы ў прасторы «ЦЭХ» Андрэй Паліканаў, дырэктар фотаслужбы часопісу «Русский репортёр», крыху пакпіў з фатографаў, якія засяроджваюцца на сваім жыцці больш, чымся на жыцці людзей навокал. Амерыканскі фатограф Лэры Кларк (Larry Clark) заўсёды здымаў толькі асабістае жыццё. Гэта і прынесла яму поспех.

Лэры Кларк (уласна Лорэнс Доналд Кларк – Lawrence Donald Clark) пачаў фатаграфаваць яшчэ падлеткам. Ён быў залежны ад наркотыкаў, і на ягоных здымках адбіўся герметычны свет душнага існавання ў маленькай Талсе (Tulsa), што ў Аклагоме. Кніжка «Талса», якую ён выпусціў у 1971 годзе, – наскрозь аўтабіяграфічная, але гэтыя фатаграфіі не маюць ані кроплі сантыменту і ў той жа момант пазбаўленыя журналісцкага пафасу.

Свет, або дакладней поцемкі Кларка – змрочныя, але прыгожыя – натхняюць гледача да больш дакладнай канцэнтрацыі над уласным жыццём. Таямнічы «Мужчына з дзіцём» выплывае з гэтай цемры, недаследаваны, шурпаты, але таксама душэўны і мяккі, каб да нашае самоты дадаць крыху ціхага суму.

Ад фатаграфіі Лары пачаў паступова дрэйфаваць у бок кіно. Але культавы здымак маладога бацькі дакладна прынёс Кларку не менш славы, чым ягоны фільм «Дзеткі» (Kids).

Сорак гадоў таму кніжка «Талса» стала сенсацыяй сярод фатографаў, шмат хто пачащ шукаць цікавыя моманты ў сваім жыцці, а хтосьці проста пачаў яго здымаць і з цягам часу яно набрала цікавасці праз гэта. Кларк стаў важным творцам для цэлага пакалення фатографаў, якія наплявалі на думку грамадства і крытыкаў, што асабістае супярэчыць традыцыйным вартасцям мастацтва. Але пазней Кларк – разам з Нэн Гоўлдын (Nancy «Nan» Goldin), якая фатаграфавала нью-ёркскіх транссексуалаў і панкаў – у вачох мастацтвазнаўцаў падняўся да ўзроўню жывога класіка, які ўпэўнена і нават нахабна падае сваю інтымную фатаграфію быццам тое, без чаго мы не можам жыць.

Паліканаў на творчай сустрэчы у «ЦЭХу» прызнаўся, што калі чалавек здымае свае штодзённыя рытуалы, ён перабыве на «другім паверсе» фатаграфіі, у той час калі сапраўдны рэпарцёр жыве на «першым», у ценю свайго героя.

Сапраўды, на першым паверсе ценю больш, чым сонца, але звычайна ў двухпавярховых дамах няма ліфту, і трэба прыкласці высілкі, каб забрацца туды.

Дзяніс Дзюба, для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары