Піва ў абмен на голас


“Белсат” працягвае сачыць за хадою выбараў у мясцовыя саветы. Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, цягам папярэдніх двух дзён датэрміновага галасавання да скрыняў прыйшлі прыблізна 10 % беларусаў. ЦВК па-ранейшаму заяўляе, што ніякіх парушэнняў не зарэгістравалі. Іншымі звесткамі валодаюць незалежныя назіральнікі.

{movie}Выбары поўнаю хадою (20.03.2014) |right|15447{/movie}

Сталічны ўчастак № 35. Датэрміновае галасаванне праходзіць тут поўнаю хадою. Абсалютная большасць замацаваных за пляцоўкаю выбарнікаў – гэта студэнты. Як паведаміла выбарчая камісія ўчастку, цягам амаль трох дзён галасавання да скрыняў прыйшлі ўжо больш як палова навучэнцаў універсітэтаў.

СТУДЭНТЫ: “Прачытаў у інтэрнэце пра некалькіх кандыдатаў і пастанавіў прагаласаваць”. “Рабіў свой выбар паводле ўзросту і агульна паводле біяграфіі”. “Я ўлічвала ўзрост. Вельмі старых не хацелася”.

Ранейшыя заявы незалежных назіральнікаў пра тое, што студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова, у Цэнтральнай выбарчай камісіі сёння рашуча зняпраўдзілі.

Прычыну гэткай высокай актыўнасці навучэнцаў патлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

МІКАЛАЙ ЛАЗАВІК, САКРАТАР ЦВК: “Выдатна! Малайцы студэнты! Яны ведаюць, што на выходныя будзе да 17 градусаў цяпла. Няхай моладзь прагаласуе датэрмінова ды паедзе з бацькамі на лецішча, у вёску, дзе дапаможа заняцца лецішчамі ды агародамі”.

Пра іншае кажуць незалежныя назіральнікі. Вось што выявілі, да прыкладу, у Магілёве.

УЛАДЗІМІР КРАЎЧАНКА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНСКІ КАМІТЭТ, МАГІЛЁЎ: “Інфармацыю пра тое, хто не прагаласаваў, участковыя камісіі перадаюць у навучальныя ўстановы ды кіраўніцтву прадпрыемстваў. Менавіта таму на некаторых участках людзі вымушаныя прыходзіць галасаваць”.

Паводле магілёўскіх праваабаронцаў, такім сітуацыям спрыяе той факт, што амаль кожная выбарчая камісія ў горадзе складаецца з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву прадпрыемства ці арганізацыі на чале з яе кіраўніком.

УЛАДЗІМІР КРАЎЧАНКА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНСКІ КАМІТЭТ, МАГІЛЁЎ: “На 72-м участку, дзе камісія складалася з працаўнікоў таго ж самага працоўнага калектыву, падчас апячатвання урнаў для датэрміновага галасавання прысутнічалі толькі 3 з 15-ці асобаў. Гэта грубае парушэнне заканадаўства. Мусіць быць 2/3”.

Да таго ж, зафіксаваныя факты пазбаўлення акрэдытацыі незалежных назіральнікаў. Гэтак берасцейскую актывістку і працаўніцу газеты “Брэсцкі кур’ер” Іну Хоміч камісія пазбавіла права назіраць за выбарамі пасля таго, як жанчына выказала жаданне здзяйсняць на ўчастку і журналісцкія абавязкі.

ІНА ХОМІЧ, БЫЛАЯ НАЗІРАЛЬНІЦА, ЖУРНАЛІСТКА: “Калі апячатвалі урну, як і ў папярэдні дзень, я хацела сфатаграфаваць выніковы пратакол – мне не дазволілі гэтага зрабіць”.

Усе агучаныя раней незалежнымі назіральнікамі парушэнні сёння зняпраўдзіла Цэнтральная выбарчая камісія. Агулам цягам двух дзён датэрмінова прагаласавалі прыблізна дзесяць адсоткаў выбарнікаў. Выбары праходзяць без парушэнняў, у спакойнай атмасферы, паведаміла ЦВК. Каб заахвоціць людзей яшчэ больш актыўна ісці да выбарчых скрыняў, на шэрагу пляцовак раздаюць каўбасу і піва. Такую сітуацыю журналісты “Аб’ектыву” засталі на 26-м, 8-м і 9-м выбарчых участках.

АПЫТАННЕ: “Я выпадкова прахадзіў і даведаўся. Так бы не зайшоў”. “Што ж рабіць? Для старой усё добра!”
“Запісалі мой адрас і сказалі, што прывязуць падарунак, бо мне цяжка несці”.

Датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя саветы працягнецца яшчэ два дні. У нядзелю – галоўны дзень выбараў у мясцовыя саветы.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/PZjxzd0rwoE

Глядзі таксама
Каментары