Расейцы захапілі два караблі ды цукеркавую фабрыку


Карветы «Луцк» і «Хмяльніцкі» здаліся без бою. Матросаў вывелі на сушу. Без страляніны адбыўся і рэйдарскі захоп украінскай фабрыкі цукерак «Roshen» у расейскім горадзе Ліпецк.

Адзіны карабель, які выклікае непакой у расейцаў, – фрэгат «Гетман Сагайдачны». Падчас апошняга рэйду з Адэсы каманда фрэгату змусіла сысці з украінскіх тэрытарыяльных водаў некалькі расейскіх караблёў.

Астатнія ўкраінскія караблі застаюцца заблакаваныя. Мінабароны Украіны пакуль не збіраецца выводзіць сваіх жаўнераў з Крыму.

Тым часам у Ліпецку (Расея) АМАП уварваўся на тэрыторыю цукеркавай фабрыкі «Roshen» (належыць украінскаму бізнэсмэну і палітыку Пятру Порошэнка, які падтрымліваў Майдан).

«Міністэрства замежных справаў і Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны патрабуюць ад афіцыйных органаў Расейскай Федэрацыі неадкладнага спынення ўмяшання ў працу вытворчасцяў і даць тлумачэнні аб захопе памяшканняў кампаніі «Roshen». Настойліва заклікаем Расею не ставіць эканамічныя сувязі ў залежнасць ад і без таго складанай палітычнай кан’юнктуры», – гаворыцца ў заяве ўкраінскага міністэрства.

Расейскі бок парушае асноўны прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці, гарантаваны нормамі міжнароднага права, у прыватнасці, арт. 1 пратаколу № 1 Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека, а таксама арт. 35 Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі, – адзначаецца ў заяве ўкраінскага боку.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары