Паралакс: Пра тых, хто ў моры


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Сітуацыя, калі героямі навінаў становяцца авіяносцы, няновая. 71 год таму амерыканскія газеты абляцеў здымак нічым не прыкметнага шараговага карабля амерыканскага флоту. Магнетызм фатаграфіі палягаў на спакоі ды бесклапотнасці маракоў, якія мусілі ўзяць удзел, як пазней аказалася, у адной з самых крывавых аперацыяў Другой сусветнай вайны – бітве за Маршалавы астравы.

Аўтара гэтага здымку назаўсёды змяніла Першая сусветная вайна. Вядомы ў Еўропе і Злучаных Штатах мастак Эдвард Штайхэн (Edward Steichen) не захацеў быць у баку ад баявых дзеянняў і запісаўся на фронт як фатограф. Пасля акопных жахаў ён больш не вярнуўся да мастацкай фатаграфіі, а пераключыўся на больш празаічныя кірункі: рэкламу і моду. Пасля шматгадовай супрацы з «Vogue» Штайхэн стане адным з самых вядомых і дарагіх фатографаў свету.

Калі ў 1941-м Злучаныя Штаты ўлучыліся ў Другую сусветную вайну, Эдварду было 62 гады. Аднак ён звярнуўся да кіраўніцтва флоту з просьбаю стварыць маленькі атрад фатографаў, якія б дакументавалі дзейнасць вайсковай авіяцыі ды ейную ролю ў арміі. Адміралы, усведамляючы значэнне пазітыўнай прапаганды ў краіне, выканалі гэтую незвычайную просьбу.



Штайхэн сабраў каманду прафесіяналаў, у якую ўвайшлі Пол Дорсі (Paul Dorsey), Бэрэт Гэлагер (Barrett Gallagher), Фэн Джэйкабс (Fenn Jacobs), Чарлз Керлі (Charles Kerlee), Джон Сўоўп (John Swope) ды іншыя. Гэтая група была абсалютна самастойная і не падпарадкоўвалася ніякім іншым вайсковым рэдакцыям.

У лістападзе 1943 года Штайхэн апынуўся на палубе авіяносца «Лэксінгтан» (Lexington), зусім новенькага карабля, які меўся падтрымаць амерыканскі флот у паўднёвых водах Ціхага акіяну. На крыху тэатральнай фатаграфіі можна пабачыць рыхтаванне карабля да атакі на востраў Куазлень (Kwajalein), падкантрольны японцам. Карабель вылізаны, кіцелі памытыя, колькі заставалася гадзінаў, дзён або тыдняў да атакі – ніхто ведае. Вайна – гэта чаканне. Востраў Куазлень, або Кўадж, як яго называлі амерыканцы, возьмуць толькі праз тры месяцы – 4 лютага 1944 года. Імператарскі флот бараніўся мужна, бо за Маршалавымі астравамі ляжаў наўпроставы шлях на Японію. З гэтай жа прычыны таксама аддана біліся амерыканцы.

Пасля візіту на «Лэксінгтан» Эдвард Штайхэн выдаў кнігу «Блакітны прывід» (гэтак матросы называлі авіяносец), а гэтая фатаграфія стане візітнаю карткай альбому. Амерыканскія медыі ўпадабалі здымак за суровы спакой і моц амерыканскага флоту, адлюстраваную на ім, ды шырока распаўсюдзілі фота.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў